Прадмова
Іслам – гэта зварот чалавека да Аллага без усялякага прымусу, па сваёй волі і жаданні, са шчырай адданасцю, безумоўнае прыняцце Яго запаветаў і забарон. Рэлігія іслам з яе дасканалай сістэмай веры, пакланення і маральнасці – гэта канчатковы і поўны варыянт Боскага адкрыцця, якое пачало пасылацца чалавецтву разам з першым чалавекам, шаноўным Адамам (мір над ім), і захавае сваю сілу да апошняга дня гэтага свету.
Усе прынцыпы ісламу заснаваны на захаванні чалавека і абсалютнай раўнавагі, створанай Аллагам. Мэта ісламу палягае ў тым, каб накіроўваць чалавека на ўсталяванне здаровых зносін з самім сабой, сваім Госпадам, астатнімі людзьмі, а таксама з жывымі і неадушаўлёнымі істотамі ў прыродзе. Такім чынам, будзе забяспечаны як і індывідуальны, так і сацыяльны мір, а на зямлі запануюць справядлівасць і міласэрнасць.
Іслам вядзе да цноты ва ўсіх сферах жыцця ў адпаведнасці з прынцыпамі веры, пакланення і маральнасці, прадстаўленымі чалавецтву. Ён вучыць чалавека, як уладкаваць свет, прыдатны і для яго жыцця і для жыцця іншых жывых істот, выкарыстоўваючы пры гэтым свой розум і сэрца, арыентуючыся на ідэальную мадэль жыцця. Для гэтага неабходна прыняць прынцыпы веры, набыць адпаведнае ўсведамленне свайго пакланення і аздобіць сябе выдатнымі маральнымі якасцямі. Бо вернік – гэта той, хто, прыняўшы асновы веравучэння ісламу, верыць у іх, пацвярджае сваю веру словамі і ўвасабляе яе ў сваім жыцці. Для захавання і ўмацавання сваёй веры вернік павінен здзяйсняць пакланенне, а таксама жыць паводле патрабаванняў этыкі. Адной з найбольш адметных асаблівасцей ісламу з’яўляюцца этычныя нормы, якім надаецца вялікае значэнне. Асноўная мэта нашай рэлігіі ў сацыяльным сэнсе – стварэнне здаровага грамадства і спакойнага жыцця, свету, дзе людзі жывуць у згодзе з этычнымі прынцыпамі свайго веравызнання.
У гэтай працы мы паспрабавалі выкласці агульныя прынцыпы веры, пакланення і этычных норм нашай рэлігіі зразумелай мовай са змястоўным напаўненнем. Яна прызначана ўнесці свой уклад у разуменне ісламу, абапіраючыся на дакладныя веды і рацыянальныя думкі. Гэтая праца грунтуецца на выдадзеных Упраўленнем па справах рэлігіі асноўных крыніцах, такіх як “Іслам скрозь прызму хадзісаў”, “Звод асноўных ведаў (Ільміха́ль) пра іслам”, “Ісламская энцыклапедыя Рэлігійнага Фонду Турцыі” і тафсір “Шлях Кур’ана”. Мы жадаем, каб гэтая праца пашырыла гарызонты нашых чытачоў, якія жадаюць надаць сэнс свайму жыццю на аснове сістэмы ісламскага веравучэння, пабудаваць на прынцыпах маралі і свядомасці пакланення не толькі гэты свет, але і сваё вечнае жыццё.
1