Чалавек
“Мы стварылі чалавека ў найлепшым абліччы.
Потым Мы кінем яго ў найніжэйшае з нізкіх месцаў,
акрамя тых, якія паверылі і рабілі добрыя справы; чакае іх невычэрпная ўзнагарода” 1
(Святы Кур’ан)
Чалавек – самая ганаровая істота ў свеце. Ён разумны, моцны, мае волю, адказнасць і свядомасць, з’яўляецца аздобай Сусвету. Яго стварыў у дасканалым абліччы Сам Усявышні Аллаг, Адзіны Валадар зямлі і нябёсаў. Аллаг даў чалавеку гарманічнае і прапарцыйнае цела, душу, надзеленую жыццёвай сілай, розум, здольны адрозніваць дабро і зло, і сумленне, якое можа зрабіць яго жыццё значным. Таму чалавек з’яўляецца адзіным цэлым са сваім целам і душой.
Аллаг стварыў чалавека з нічога, надаў яму беззаганную форму, корміць яго, поіць, насычае, абараняе і дае разнастайныя даброты. І Усявышні Аллаг хоча ад чалавека, каб ён стаў вернікам і здзяйсняў праведныя ўчынкі. Чалавек існуе, каб ён, як верны слуга, узяў на сябе адказнасць за добраўпарадкаванне і ўдасканаленне зямлі.
Гісторыя чалавецтва пачалася з першага чалавека Адама (мір над ім) і яго жонкі Хавы. Пазней жа людзі падзяліліся на мноства розных народнасцяў, каб пазнаваць адзін аднаго і будаваць добрыя адносіны.
Чалавек мае вартасці, якія даюць яму надзвычайную перавагу над іншымі істотамі, асаблівыя сілы і здольнасці. Дзякуючы гэтаму ён мае магчымасць прыносіць у жыццё дабро або пашыраць па ўсім свеце зло. Часам ён будуе шчаслівае сегасветнае жыццё, дзякуючы сваёй цярплівай, стараннай, самаадданай, міралюбнай і справядлівай пазіцыі. А часам – сам выракае сябе на небяспеку з-за свайго невуцтва, эгаізму, амбіцыйнасці, нецярплівасці і няўдзячнасці.
Нягледзячы на гэта, Усявышні Аллаг ніколі не пакідаў чалавека ў адзіноце, без хлеба надзённага і без дапамогі. Ён падтрымліваў яго ў жыццёвых выпрабаваннях і праводзіў яго на праўдзівы шлях праз Сваіх прарокаў і Пісанні. Ён усталяваў лад, які дае ўрок створанаму Ім чалавеку, дорыць ласку, паказвае дабро, прыгажосць і праўду і тлумачыць яму, што такое зло, погань і хлусня. Гэтым ладам, які накіроўвае чалавека на яго зямным шляху і спрыяе яго выратаванню ў будучым жыцці, з’яўляецца рэлігія.
1 Цін, 95/4-6.
2