Іслам
“Сёння Я зрабіў дасканалай для вас вашую рэлігію, давёў да канца Сваю ласку да вас і ўхваліў для вас іслам як рэлігію”1
(Святы Кур’ан)
Слова “іслам” азначае “мір, дабрабыт, пакорлівасць”. Іслам – гэта зварот чалавека да Аллага без усялякага прымусу, па сваёй волі і жаданні, са шчырай адданасцю, безумоўнае прыняцце Яго запаветаў і забарон. Чалавека, які прымае іслам як рэлігію і выконвае яго правілы, называюць мусульманінам.
Іслам з’яўляецца апошняй рэлігіяй, пасланай Усемагутным Аллагам праз апошняга прарока, шаноўнага Мухаммада ﷺ. Гэта бездакорная сістэма веры, пакланення і этыкі, якая застанецца да самага Суднага дня. Паколькі рэлігіі, якія папярэднічалі ісламу, былі зменены людзьмі, Госпад паслаў іслам, каб ізноў нагадаць чалавецтву пра Боскія законы.
Адрозненне ісламу ад іншых рэлігій у тым, што ён звяртаецца да ўсяго чалавецтва і будзе дзейнічаць да апошняга дня гэтага свету. Прарокам ісламу з’яўляецца шаноўны Мухаммад Мустафа ﷺ, а яго галоўнай Кнігай – Святы Кур’ан. Кур’ан – гэта канчатковы і поўны звод Боскіх адкрыццяў, якія пачалі пасылацца чалавецтву праз шаноўнага Адама (мір над ім). Пасля ісламу больш не будзе іншай рэлігіі, пасля Мухаммада ﷺ не будзе іншага прарока, а пасля Святога Кур’ана не будзе іншага Святога Пісання.
Усе прынцыпы ісламу заснаваны на захаванні чалавека і натуральнай раўнавагі, створанай Аллагам. Мэта ісламу ў тым, каб дапамагчы чалавеку ўсталяваць здаровыя адносіны з самім сабой, сваім Госпадам і іншымі людзьмі. Такім чынам будзе забяспечаны як індывідуальны, так і сацыяльны мір, а на зямлі пераможа справядлівасць і міласэрнасць. І гэтыя прынцыпы разглядаюцца ў трох асноўных аспектах: прынцыпы веры, пакланення і маральнасці.
1 Маіда, 5/3.
4