Вера ў Аллага
“Хто з верай у сэрцы засведчыць, што няма бога, вартага пакланення, акрамя Аллага, і Мухаммад – Яго Пасланец, для таго Аллаг зробіць забароненым Пекла”.1
(Прарок Мухаммад ﷺ)
Вера ў Аллага, адзінабожжа, з’яўляецца асноўным прынцыпам Ісламу. Усемагутны Аллаг стварыў Сусвет з нічога, стварыў царства быцця – ад атамаў да галактык, – і кіруе ім. Менавіта Ён стварае ўсё існае, пачынаючы з чалавека, ажыўляе, затым пазбаўляе яго жыцця, а потым – зноў верне да жыцця.
Аллаг адзін, і няма бога, вартага пакланення, акрамя Яго. Ён не нараджаўся і не быў народжаны. Усё мае патрэбу ў Ім, тады як Ён ані ў кім і ані ў чым патрэбы не мае. У Яго няма падабенства і няма супольнікаў. Ён не падобны ні на якое стварэнне, створанае ў мінулым ці будучыні. Аллаг – Валадар велічы, неабмежаванай улады, магутнасці і сілы. Ён вечна Жывы. Усё жывое аднойчы памрэ і толькі Аллаг не памрэ ніколі, Ён – Вечны. Яго існаванне не мае ні пачатку, ні канца.
Аллаг усё ясна бачыць, бездакорна чуе і ведае ўсё да драбніц. Нішто не ўтоена ад Яго, няма і таго, што было б для Яго цяжка, альбо таго, што адбывалася б без Яго ведама і волі, ані ў мінулым, ані ў будучыні. Ён – Валадар вечнай волі і магутнасці. Ён – Прабачлівы, толькі Ён настаўляе на шлях праўдзівы, Ён Літасцівы і Спагадны. Ён даруе рызк (долю, пажытак) Сваім рабам, дапамагае ім, аберагае іх. У той жа час Ён праклінае (аддаляе ад Сваёй ласкі) і карае тых, хто зацята трымаецца за шматбожжа (політэізм, паганства), адмаўляе ісціну і абірае нявер’е.
Іслам – гэта рэлігія таухі́ду (адзінабожжа). Таухід азначае веру ў Аллага і адмаўленне ў Яго супольнікаў (раўні). Вернік ад усяго сэрца пацвярджае існаванне і адзінства Аллага, адсутнасць у Яго супольнікаў, памагатых і тых, хто мог бы быць падобны або роўны да Яго. Вернік прызнае і звязвае з Ім усе Яго імёны і сыфа́ты (атрыбуты, унікальныя рысы). Вернік пацвярджае сваё прыняцце як словамі, так і сваім жыццём. Бо тое, што ўскладзена на чалавека, – гэта вера ў яго Госпада, Які стварыў яго, даў яму жыццё і надзяліў яго разнастайнымі дабротамі.
Вера ў Аллага з’яўляецца заклікам усіх прарокаў. Запрашэнне ў іслам – гэта лепшае з таго, што можа зрабіць чалавек. У той жа час гэта права нашага Усявышняга Госпада над Сваімі рабамі.
Вера ў Аллага патрабуе любі́ць Яго больш за ўсё, належным чынам шанаваць Яго, пры любых абставінах і ўмовах спадзявацца на Яго, прасіць аб дапамозе толькі ў Яго. Чалавек, які верыць у Аллага, жыве з усведамленнем, што Ён заўжды бачыць яго і чуе, ведае пра кожны яго рух і аднойчы спытае аб усіх яго ўчынках. Ён вядзе жыццё ў адпаведнасці са сваёй верай і ва ўсіх сваіх намерах і жаданнях кіруецца імкненнем да Боскага задавальнення. У веры ён знаходзіць спакой сам і дае спакой навакольным.
1 Бухары, Ільм, 49.
6