Вера ў Пісанні
“Людзі былі адзінаю грамадою. І Аллаг паслаў прарокаў дабравеснікамі (для вернікаў) і засцерагальнікамі (для грэшнікаў і нявернікаў). Ён паслаў разам з імі Пісанні з праўдаю, каб яны рассудзілі паміж людзьмі тое, пра што яны спрачаліся”.1
(Святы Кур’ан)
Боскія кнігі – гэта словы Аллага і Яго зварот да людзей. Яго вечныя і непарушныя словы, запаветы, адкрыцці, адлюстраваны ў выглядзе радкоў. Перавага слоў Аллага над іншымі словамі падобная да перавагі Самога Аллага над Яго рабамі. Паслаўшы Пісанне, Аллаг надаў створанаму Ім чалавеку найвялікшую пашану і паказаў яму шлях сярод жыццёвых выпрабаванняў. Ён даў яму магчымасць пазнаёміцца з ісцінай, адрозніць дабро ад зла. На ранніх этапах гісторыі некаторым прарокам былі пасланы невялікія кнігі пад назвай сухуф (скруткі, або сувоі). Найслаўнейшаму Адаму Аллаг паслаў дзесяць скруткаў, шаноўнаму Шысу – пяцьдзесят скруткаў, шаноўнаму Ідрысу – трыццаць скруткаў, шаноўнаму Ібрагіму – дзесяць скруткаў.
Затым былі пасланыя па парадку чатыры вялікія кнігі: Тора – прароку Мусе, Псалтыр – прароку Давуду, Евангелле – прароку Ісе і, нарэшце, Святы Кур’ан – Прароку Мухаммаду ﷺ. Апошняй Боскай кнігай, адрасаванай усяму чалавецтву, якая застанецца нязменнай да Суднага дня, з’яўляецца Кур’ан.
Мусульманін верыць у тое, што ўсе Боскія кнігі былі пасланы Аллагам, перакананы ў іх існаванні і сапраўднасці. Аднак гэты запавет адносіцца толькі да нескажоных і нязменных варыянтаў Боскіх кніг. Такім чынам, мусульманін верыць у сувоі і Кнігі, пасланыя Аллагам, у іх першапачатковай форме. Ён верыць, што іншыя святыя Кнігі, акрамя Святога Кур’ана, гэта значыць Тора, Псалтыр і Евангелле, былі зменены людзьмі і страцілі сакральны статус.
Вера ў Пісанні патрабуе, каб вернік заўсёды абачліва і асцярожна ставіўся да Боскіх адкрыццяў. Сустрэўшы звесткі з Торы або Евангелля, перш чым пацвярджаць або абвяргаць іх праўдзівасць, абавязкова трэба звярнуцца да Кур’ана. Калі яны не супярэчаць зместу Кур’ана, а значыць – і агульным прынцыпам ісламу, – то можна меркаваць, што звесткі іншых Пісанняў могуць быць праўдай. Аднак немагчыма, каб інфармацыя, якая супярэчыць прынцыпам і глабальнаму пасланню Кур’ана, зыходзіла ад Аллага.
Дзеля нікчэмнай сегасветай выгады людзі ўносілі змяненні ў пасланыя ім Пісанні. У мінулым нядобрасумленныя святары ашуквалі прастадушных людзей, выдаючы напісанае імі за Боскія адкрыцці, скажаючы чысціню сакральных тэкстаў. Кур’ан – адзіная кніга, якая захаваецца без усялякіх змен як у плане тэксту, так і па змесце, у сваёй першапачатковай форме да Суднага дня.
Вера ў Пісанні і, адпаведна, прызнанне Кур’ана ў якасці Боскага кіраўніцтва, вядома ж, патрабуе як шчырага прыняцця таго, што ён быў пасланы Аллагам, так і выканання яго палажэнняў. Бо мэта паслання Пісанняў палягае ў тым, каб іх чыталі, разумелі і прымянялі ў жыцці.
1 Бакара, 2/213.
8