Вера ў прарокаў
“Папраўдзе, тыя, хто не верыць у Аллага і Яго пасланцоў, намагаючыся аддзяліць веру ў Аллага ад веры ў Яго пасланцоў, кажуць: «Мы верым у адных і не верым у іншых». Яны хочуць абраць сярэдні шлях. Яны і падобныя да іх – сапраўдныя нявернікі”. 1
(Святы Кур’ан)
Прарокі – гэта тыя, каго абраў Аллаг і на каго быў ускладзены абавязак перадаваць Боскія пасланні людзям. Вера ў прарокаў азначае прызнанне іх дабраславёнымі пасланцамі Аллага і веру ва ўсё, што яны перадалі ад Аллага.
Вера ў прарокаў – адна з апор (асноў) ісламу. Хоць прарокі адрозніваюца паміж сабою і маюць пэўныя перавагі адзін перад адным, паводле ісламу, калі гаворка ідзе аб веры, нельга падзяляць паміж прарокамі і пасланымі ім Боскімі адкрыццямі. Такім чынам, мусульманін прымае ўсіх прарокаў без выключэння, узгадвае іх з любоўю і павагай, бярэ прыклад з Апошняга Прарока ﷺ і падпарадкоўваецца яго загадам.
Адам (мір над ім) – першы чалавек і ў той жа час першы прарок. Апошнім жа прарокам з’яўляецца шаноўны Мухаммад Мустафа (абраннік Божы) ﷺ. Усемагутны Аллаг ніколі не пакідаў чалавецтва без настаўніка, узору для пераймання, лідара і прарока. У перыяд паміж гэтымі двума прарокамі было багата пасланцоў, імёны якіх вядомыя і невядомыя, якім было паслана альбо не было паслана Пісанне. Заклік іх усіх аднолькавы: “Пакланяйцеся Аллагу!”
Прарокі нясуць адказнасць за перадачу паслання Аллага без недахопаў і празмернасцей. Аднак перадача інфармацыі, а менавіта апавяшчэнне, – не адзіная іх задача. Місія прарокаў палягае і ў тым, каб тлумачыць Боскія пасланні, жыць паводле іх і быць для людзей узорам для пераймання. У Кур’ане для выхавання распавядаюцца гісторыі прарокаў, якія цярпелі шмат нягод і пакут на гэтым шляху, а некаторыя з іх па волі Аллага здзяйснялі цуды.
Хоць чалавечы розум здольны ўсвядоміць існаванне Усявышняга Стваральніка, Яго запаветы можна спасцігнуць толькі праз пасланцоў, адпраўленых Ім. Такім чынам, чалавек, які хоча прытрымлівацца запаветаў Аллага і пазбягаць забароненага, мае патрэбу ў прыкладзе прарока. І каб паверыць у Святыя Пісанні, неабходна перш паверыць у прарока, якому яны былі пасланы.
Прарокі шчырыя, сумленныя, надзейныя, кемлівыя, спагадлівыя, вольныя ад грахоў. Гэта людзі, якія чытаюць азнакі (аяты) Аллага, вучаць Пісанню і мудрасці, заклікаюць да адзінабожжа і дабра, ачышчаючы іх ад нявер’я і зла. Няма сумневаў, што шаноўны Мухаммад ﷺ стаў апошнім і самым дасканалым звяном прарочага ланцуга.
1 Ніса, 4/150-151.
10