Вера ў ахырат (жыццё пасля смерці)
“Яны (дабрачынцы) выконваюць намаз, даюць міласціну і няўхільна перакананыя ў існаванні вечнага жыцця”.1
(Святы Кур’ан)
Ахырат (замагільнае жыццё) – гэта назва жыцця, якое пачынаецца пасля зямнога жыцця і будзе доўжыцца вечна. Вера ў ахырат – адна з асноўных умоў таго, каб стаць мусульманінам. Існуе прамая і моцная сувязь паміж верай у вечнае жыццё і верай у Аллага. Адмаўленне будучага жыцця азначае адмаўленне Аллага, Які стварыў свет выпрабаванняў і, апавяшчаючы чалавецтва аб існаванні ахырата, даў ведаць, што гэты свет з’яўляецца тленным.
З надыходам Суднага дня і канца свету ўсе людзі, якія калі-небудзь жылі на зямлі, паўстануць перад Аллагам і будуць прыцягнуты да адказнасці. Выявіцца Боская справядлівасць, будуць аддзелены добрае ад дрэннага, прыгнятальнік ад прыгнечанага, пабожнасць ад несправядлівасці і кожны атрымае поўную адплату за свае ўчынкі.
Вера ў Судны дзень развівае пачуццё адказнасці чалавека. Веданне таго, што Аллаг, Валадар зямлі і нябёс, аднойчы абавязкова прыцягне да адказу за ўсе даброты, якія Ён даў на часовае адказнае карыстанне людзям, робіць чалавека больш пільным. Гэтае разуменне ўплывае на ўсе ўзаемадзеянні мусульманіна, ад сацыяльных адносін і да адносін з прыродай.
Акрамя таго, вера ў вечнае жыццё дазваляе чалавеку накіравацца да высокіх ідэалаў, засяродзіцца на правільнай мэце і прысвяціць сябе дабру. Вера ў ахырат зніжае злосць, зайздрасць, варожасць, нянавісць; развівае такія станоўчыя якасці, як прабачэнне, міласэрнасць, надзею і цярпенне. Яна дае сілу для барацьбы з жыццёвымі цяжкасцямі і задавальняе патрэбу ў справядлівасці, якую чакаюць, але часам не могуць знайсці.
Той, хто верыць у Судны дзень, часта ўспамінае аб смерці і лепш рыхтуецца да вечнага жыцця, робіцца самым свядомым з вернікаў. Бо самы надзейны ўклад – гэта ўклад, зроблены ў царства вечнасці, якім з’яўляецца Рай.
1 Лукман, 31/4.
12