Вера ў кадар (прадвызначэнне)
“Сапраўды, Мы стварылі кожную рэч згодна прадвызначэнню (плану і задуме)”.1
(Святы Кур’ан)
Аллаг, Які стварыў усё з нічога, пажадаў стварыць у сусвеце ўсё, што ёсць і з’явіцца, у прычынна-выніковай сувязі. Такім чынам, чалавек, надзелены такой найвышэйшай вартасцю, як розум, будзе лепш спазнаваць мудрасць і праўду стварэння. Насамрэч, чалавек, які ўважліва вывучае светабудову, убачыць, што ў сусвеце пераважае не хаос, а прадвызначэнне, гэта значыць мера, раўнавага і парадак. Гэта паказвае на існаванне Усявышняга Стваральніка.
Вера ў ка́дар – адна з шасці апор іману (веры) ў ісламе. Яна азначае ўсім сэрцам верыць у тое, што ўсё, што адбываецца ва ўсім свеце – дабро і зло, ісціна і хлусня, жывое і нежывое, карыснае і бескарыснае, – адбываецца з ведама і ўхвалення Аллага, па Яго жаданні, волі і стварэнні.
У жыцці бываюць варункі і сітуацыі, якія знаходзяцца па-за магчымасцямі чалавека, на якія ён не можа паўплываць. Прыкладам, у чалавека, калі ён прыходзіць у гэты свет, няма магчымасці абраць сабе сям’ю, расу, колер скуры і пол. Яны ўзнікаюць у выніку Боскага прадвызначэння (наканавання лёсу), і гэта называецца кадар.
З іншага боку, і чалавек датычны да здзяйснення пэўных добрых ці дрэнных учынкаў. Аллаг у Сваіх бясконцых уладаннях даў людзям поле дзеяння і надзяліў іх у пэўнай ступені правам выбару. Напрыклад, чалавек па сваёй волі робіць крок да дабра або чы́ніць грэх. У такіх выпадках стварэнне Аллага адбываецца ў адпаведнасці са стараннасцю і рашэннем чалавека. Значыць, прынятыя чалавекам захады і выбар, які ён робіць, таксама з’яўляюцца часткай прадвызначэння.
Што б ні адбылося ў свеце, Аллаг ведае пра гэта загадзя і запісаў гэта яшчэ да пачатку гэтага. Аллаг на аснове Свайго адвечнага і непарушнага ведання да драбніц ведаў тое, што мы будзем перажываць, яшчэ да таго, як стварыў нас, і ведае, які мы зробім выбар. Але гэта не азначае, што Аллаг прымушае нас і кідае з боку ў бок, нібы сухое лісце на ветры. Аллаг загадзя ведае аб тым, што адбудзецца, але гэты факт не вызваляе чалавека ад адказнасці. Напрыклад, чалавек, які крадзе, робіць гэта не з-за ведання Аллага пра гэты ўчынак, а таму што ён, выбіраючы з двух варыянтаў горшы, ідзе на крадзеж. Ён робіць свой выбар свядома і па сваёй волі. Таму ён будзе адказваць за наступствы свайго выбару і ў адпаведнасці са сваёй віной.
Тое, што вядзе людзей да шчасця або няшчасця як у гэтым свеце, так і ў будучым жыцці, – гэта іх уласныя дзеянні. Важна каб чалавек накіроўваў сваю волю ў бок дабра, а не аддаваў перавагу аблуднаму шляху. Таму што кожны адказвае за наступствы свайго выбару і ніхто не можа пазбегчы адказнасці, вінавацячы ва ўсім прадвызначэнне.
Чалавек, які верыць у кадар, прызнае́, што сапраўдным стваральнікам з’яўляецца толькі Аллаг. Прарок Мухаммад ﷺ падсумаваў гэта наступным чынам: “І ведай: калі ўсе людзі збяруцца, каб прынесці табе карысць, то не дапамогуць яны табе ані ў чым, акрамя як у тым, што прадвызначыў табе Аллаг. А калі ўсё збяруцца, каб нанесці табе шкоду, дык яны не дадуць ра́ды табе нашкодзіць чымсьці, акрамя таго, што прадвызначыў табе Аллаг. Пёры паднятыя і чарнілы высахлі (г.зн, усё ўжо наканавана)”. 2
Напрыклад, чалавек верыць у кадар, ведаючы, што дождж ідзе ў выніку пэўных прыродных умоў. На яго думку, выпадзенне ападкаў – гэта не толькі вынік збегу натуральных абставін. Мусульманін, нягледзячы на відавочныя прычыны, лічыць, што дождж пасланы Аллагам. Бясспрэчна, што канчатковае рашэнне, загад, воля і стварэнне належаць толькі Аллагу.
У ісламскай рэлігіі наканаванне не разумеецца так, што поспеху можна дамагчыся без усялякіх высілкаў, седзячы ў чаканні чагосьці ад Аллага, перакладаючы на Яго адказнасць за свае ўчынкі. Мусульманін, які верыць у кадар, выконвае свае абавязкі як мае быць. Ён рашучы, настойлівы і цярплівы. Выкарыстаўшы ўсе матэрыяльныя і духоўныя магчымасці і прыняўшы ўсе неабходныя меры, ён ускладае спадзеў на Аллага і пакідае зыход на Яго волю.
1 Камар, 54/49.
2 Цірмізі, Сыфатуль-кыяма, 59.
13