Усведамленне пакланення

“Іхсан (шчырае служэнне) – гэта пакланенне Аллагу, нібы вы бачыце Яго. І хоць вы Яго насамрэч не бачыце, Ён заўсёды бачыць вас”.1
(Прарок Мухаммад ﷺ)
Аллаг стварыў чалавека дасканалым і падпарадкаваў яму ўсё, што ёсць у сусвеце. Ён надзяліў яго такімі выдатнымі здольнасцямі, як выкарыстанне розуму, прыняцце рашэнняў, мысленне, гаворка, уменне пісаць, праява волі. Усё, чаго Ён чакае ад чалавека, – каб ён пакланяўся толькі Яму.
Быць рабом азначае схіляць галаву перад Усявышнім Аллагам у абсалютным паслушэнстве, быць глыбока прывязаным да Яго і браць на сябе адказнасць за тое, каб быць чалавекам. Быць рабом азначае ўсведамляць, што ўсе твае ўчынкі вядомы Аллагу і аднойчы за ўсё давядзецца адказваць. Быць рабом, з аднаго боку, патрабуе веры і высокай маральнасці, і, з другога боку, робіць пакланенне абавязковым. Насамрэч пакланенне – сутнасць падпарадкавання, мэта стварэння чалавека. Таму чалавеку нельга забываць свайго Госпада, Які надзяліў яго  незлічонымі дабротамі, і, пакланяючыся Яму, трэба захоўваць свядомае паслушэнства.
Пакланенне – гэта здольнасць чалавека, які пастаянна і ва ўсіх сэнсах жыве з патрэбай ва Усявышнім Аллагу, раскрываць Яму свой стан без пасярэднікаў і дапаможных сродкаў. Чалавек, які прымае асновы веры, каб захаваць і ўмацаваць яе, павінен працягваць пакланяцца.
Існуюць асноўныя віды пакланення, якія загаданы ісламам, і кожны мусульманін, у якога ёсць для гэтага магчымасць, нясе адказнасць за іх выкананне. Гэтае вымаўленне каліма-і шагада, сведчання, што няма бога, вартага пакланення, акрамя Аллага, і што шаноўны Мухаммад ﷺ з’яўляецца Яго рабом і пасланцом, выкананне намазу, выплата закяту, здзяйсненне хаджу і пост у Рамадане.
Акрамя гэтых абавязковых відаў пакланення (ібадату), кожная добрая справа, якая здзяйсняецца па добрай волі і са шчырасцю, прыносіць чалавеку такую ж узнагароду, як і пакланенне. Таму такія паводзіны, як заахвочванне да дабра і заклік пазбягаць зла, захаванне справядлівасці сярод людзей, забеспячэнне сям’і сродкамі да існавання, вітанне людзей, добразычлівая ўсмешка, раздача міласціны (садакі), таксама з’яўляюцца пакланеннем.
Такія ўхвальныя дзеі, як здзяйсненне добрых спраў у адносінах да мужа альбо жонкі, бацькоў і дзяцей, добрыя адносіны са сваякамі і суседзямі, падтрымка чалавека ў цяжкую часіну, праява ласкі да сірот, матэрыяльная дапамога маламаёмнаму, шанаванне пажылых, падтрымка інваліда таксама адносяцца да пакланення.
Пакланенне таксама палягае ў тым, каб дзяліцца з людзьмі сваімі ведамі і досведам, весці сумленны гандаль, прыкладаць намаганні для выбаўлення моладзі ад шкодных звычак, ахоўваць прыроду і клапаціцца аб правах жывёл.
Калі чалавек спрабуе пазбавіцца дрэнных маральных якасцей, імкнецца прыдбаць добрыя звычкі і выхоўваць сябе, стараецца дапамагаць, а не перашкаджаць навакольным, гэта азначае, што ў яго ёсць усведамленне пакланення.
Пакланенне мае ўласцівасць ачышчаць чалавека ад людскіх слабасцей, дысцыплінаваць яго, вучыць яго рашучасці, волі і цярпенню. Так, чалавек засвойвае дысцыпліну, своечасова выконваючы намаз; разумее каштоўнасць ежы і пітва падчас посту; аддае належнае роўнасці і братэрству ў хаджы; вучыцца дзяліцца, выплачваючы закят. Хоць на першы погляд пакланенне складаецца з пэўных правіл, атрыбутаў і формаў, за гэтымі знешнімі формамі схавана сутнасць любові, пашаны і пакоры перад Аллагам.
У той жа час здзяйсненне ібадату выбаўляе чалавека ад такіх згубных пачуццяў і думак, як эгаізм, пагарда, падазронасць, зайздрасць, марнатраўства, юрлівасць, скупасць. Пакланенне выхоўвае, фарміруе, развівае чалавека, дапамагае яму стаць вернікам, карысным для сябе і грамадства.


1 Бухары, Тафсір, Лукман, 31.

14

Каліма-і шагада

“Іслам грунтуецца на пяці апорах: сведчанні аб тым, што няма бога, вартага пакланення, акрамя Аллага, і што Мухаммад – Пасланец Аллага, выкананні намазу, выплаце закяту, ажыццяўленні хаджу і трыманні посту ў Рамадан”.1
(Прарок Мухаммад ﷺ)
У аснове веравучэння ісламу ляжыць прынцып адзінабожжа (таўхід, монатэізм), вера ў адзінага Аллага. Выражэннем гэтага прынцыпу і першай умовай таго, каб быць мусульманінам, з’яўляецца каліма-і шагада – словы сведчання веры: “А́шгаду алля́ іля́га і́лля-Ллаг ўа а́шгаду а́нна Муха́ммадан ‘а́бдугу ва расу́люг”: “Сведчу, што няма бога, [вартага пакланення], акрамя Аллага, і што Мухаммад – Яго раб і Яго пасланец”.
Першае, што засведчана ў гэтым выразе – што няма аніякага бога (нікога і нічога, вартага пакланення), акрамя Аллага. Той, хто прамаўляе словы сведчання веры, пацвярджае, што акрамя як у Аллага, ні ў каго няма сілы і ўлады, якія былі б вартыя пакланення і спадзеваў на дапамогу; пажытак і даброты зыходзяць толькі ад Аллага і прасіць аб іх можна толькі ў Яго; неабходна спадзявацца толькі на Аллага, не разлічваючы больш ні на каго; трэба пакланяцца толькі Аллагу і прасіць у Яго абароны.
Другое, аб чым мы сведчым у каліма-і шагада, – што шаноўны Мухаммад ﷺ – раб Аллага і Яго Пасланец. Перш за ўсё, апошні Прарок, шаноўны Мухаммад ﷺ з’яўляецца рабом Аллага, чалавекам. У адносінах прарока Мухаммада ﷺ не можа быць і гаворкі аб тым, каб ён апынуўся ў становішчы шаноўнага прарока Ісы (мір над ім), якога нейкія невукі з цягам часу пачалі абагаўляць. Разам з тым, Мухаммад ﷺ – не звычайны раб Божы, ён – Пасланец Аллага, гэта значыць веснік Бога. Яму пасылалася Боскае адкрыццё і ён быў абавязаны перадаваць яго людзям у тым выглядзе, у якім яно прыйшло, тлумачыць і ажыццяўляць. Ён заўсёды знаходзіўся пад кантролем і абаронай Аллага.


1 Муслім, Іман, 21.

15