Каліма-і шагада

“Іслам грунтуецца на пяці апорах: сведчанні аб тым, што няма бога, вартага пакланення, акрамя Аллага, і што Мухаммад – Пасланец Аллага, выкананні намазу, выплаце закяту, ажыццяўленні хаджу і трыманні посту ў Рамадан”.1
(Прарок Мухаммад ﷺ)
У аснове веравучэння ісламу ляжыць прынцып адзінабожжа (таўхід, монатэізм), вера ў адзінага Аллага. Выражэннем гэтага прынцыпу і першай умовай таго, каб быць мусульманінам, з’яўляецца каліма-і шагада – словы сведчання веры: “А́шгаду алля́ іля́га і́лля-Ллаг ўа а́шгаду а́нна Муха́ммадан ‘а́бдугу ва расу́люг”: “Сведчу, што няма бога, [вартага пакланення], акрамя Аллага, і што Мухаммад – Яго раб і Яго пасланец”.
Першае, што засведчана ў гэтым выразе – што няма аніякага бога (нікога і нічога, вартага пакланення), акрамя Аллага. Той, хто прамаўляе словы сведчання веры, пацвярджае, што акрамя як у Аллага, ні ў каго няма сілы і ўлады, якія былі б вартыя пакланення і спадзеваў на дапамогу; пажытак і даброты зыходзяць толькі ад Аллага і прасіць аб іх можна толькі ў Яго; неабходна спадзявацца толькі на Аллага, не разлічваючы больш ні на каго; трэба пакланяцца толькі Аллагу і прасіць у Яго абароны.
Другое, аб чым мы сведчым у каліма-і шагада, – што шаноўны Мухаммад ﷺ – раб Аллага і Яго Пасланец. Перш за ўсё, апошні Прарок, шаноўны Мухаммад ﷺ з’яўляецца рабом Аллага, чалавекам. У адносінах прарока Мухаммада ﷺ не можа быць і гаворкі аб тым, каб ён апынуўся ў становішчы шаноўнага прарока Ісы (мір над ім), якога нейкія невукі з цягам часу пачалі абагаўляць. Разам з тым, Мухаммад ﷺ – не звычайны раб Божы, ён – Пасланец Аллага, гэта значыць веснік Бога. Яму пасылалася Боскае адкрыццё і ён быў абавязаны перадаваць яго людзям у тым выглядзе, у якім яно прыйшло, тлумачыць і ажыццяўляць. Ён заўсёды знаходзіўся пад кантролем і абаронай Аллага.


1 Муслім, Іман, 21.

15