Ачышчэнне
“Чысціня – палова іману (веры)”.1
(Прарок Мухаммад ﷺ)
Адной з найбольш адметных рыс ісламу з’яўляецца значэнне, якое ён надае як фізічнаму, так і духоўнаму ачышчэнню. Пад фізічным ачышчэннем маецца на ўвазе падтрыманне чысціні ўласнага цела, адзення, рэчаў, жылой прасторы, навакольнага асяроддзя і свету ў цэлым. Духоўная чысціня азначае выхаванне душы, ачышчэнне сэрца і розуму, збавенне ад цемры зла і бруду грахоў.
Ісламская рэлігія звяртае ўвагу на тое, што нечыстоты чалавечага цела не павінны трапляць у навакольнае асяроддзе. Таму ў вучэнні нашага Прарока ﷺ асаблівае месца адводзіцца нормам наведвання прыбіральні і ачышчэння. Для чалавека, які спраўляе сваю патрэбу ў прыбіральні, сунна (пажадана) абмываць забруджаныя месцы на целе вадой, надаваць ўвагу таму, каб яго ніхто не бачыў, мыць рукі пасля туалета; пры гэтым нельга паварочвацца да кыблы (у бок Меккі, дзе знаходзіцца галоўная святыня ісламу – Кааба. – Заўв. пер.), а таксама карыстацца пры выдаленні бруду правай рукой. Акрамя таго, забаронена спаражняцца на дарогах, дзе ходзяць людзі, пад дрэвамі, у цяністых мясцінах, у парках і ўскрай вадаёмаў.
Догляд цела таксама мае асаблівае значэнне ў ісламе. Пасланец Аллага ﷺ загадаў купацца не радзей за адзін раз на тыдзень (па пятніцах), апранаць чыстае адзенне, клапаціцца пра валасы і бараду, сачыць за чысцінёй і падстрыгаць пазногці. Мусульманін ні ў якім разе не можа быць неахайным чалавекам, які псуе настрой навакольным непрыемным пахам або выглядам.
Характэрна, што ў ісламе ачышчэнне – неабходная умова для выканання некаторых відаў пакланення. Мусульманін, які хоча выканаць намаз, абавязкова павінен зрабіць рытуальнае ўмыванне (абдэсь у беларускататарскіх рукапісах. – Заўв.пер.). Пры неабходнасці трэба зрабіць гусль, поўнае ўмыванне ўсяго цела. Часткай гэтай скрупулёзнасці з’яўляецца нават таяммум (абціранне) з дапамогай чыстай глебы, калі вада з пэўных прычын не даступная.
Мусульманін павінен клапаціцца як аб фізічнай чысціні, так і аб сваім духоўным ачышчэнні. Ён шкадуе аб учыненых грахах і выбаўляецца ад іх праз пакаянне. Вернік, які, шкадуючы аб сваёй памылцы, просіць прабачэння ў Аллага і больш не паўтарае яе, будзе вызвалены ад гэтага граху і ачышчаны.
Аснова духоўнага ачышчэння палягае ў высокай маральнасці. Выкарыстанне рук, языка, вачэй, вушэй, увогуле, ўсяго цела на шляху дабра і засцярога яго ад згубных схільнасцей апісваецца ў ісламе як шлях да духоўнага ачышчэння.
1 Цірмізі, Даават, 86.
16