Малое і поўнае ўмыванне (вуду і гусль)
“Намаз – гэта ключ да Раю, а чысціня – ключ да намазу”. 1
(Прарок Мухаммад ﷺ)
Паводле ісламу, чалавек, які паўстае перад Аллагам з намерам пакланення, павінен у першую чаргу быць чыстым у фізічным і духоўным плане. У аснове гэтага ачышчэння ляжаць вуду́ (частковае, або малое ўмыванне2) і гусль (поўнае ўмыванне3).
Чалавек, які рыхтуецца да пакланення, пры адсутнасці рытуальнай чысціні выконвае малое ўмыванне, а ў выпадку джуну́бу (стану вялікай рытуальнай нечысціні, або апаганьвання) выконвае гусль, што з’яўляецца фізічным і духоўным ачышчэннем ад брыдоты (гл. ніжэй). Чалавек без умывання не можа выконваць намаз (рытуальную малітву).
Фарзы малога ўмывання, гэта значыць абавязковыя дзеянні, якія неабходна выканаць (і без якіх умыванне будзе несапраўдным), такія: вымыць твар, вымыць рукі па локаць і ногі да костачкі, а таксама правесці вільготнай рукою па галаве ў месцы, дзе звычайна растуць валасы. У адпаведнасці з тым, як шаноўны Прарок ﷺ вучыў сваю умму, сунна малога ўмывання, гэта значыць дзеянні Прарока ﷺ, якія паляпшаюць вуду́ (і павялічваюць узнагароду за гэта), уключае ў сябе: пачынаць з імем Аллага, паласкаць рот і прамываць нос, уцягваючы ваду двума ноздрамі, змочваць галаву спераду, ззаду або цалкам, праціраць вільготнымі рукамі вушы, тройчы мыць рукі па локаць і ногі да костачкі ўключна, паціраючы іх і не пакідаючы сухіх месцаў паміж пальцамі.
Адной з асноў ачышчэння, якія даюць чалавеку магчымасць звярнуцца да свайго Госпада ў любы час з чыстым духам і целам, з’яўляецца гусль. Гусль, поўнае ўмыванне цела, выбаўляе чалавека ад фізічнай і духоўнай нечысціні.
У выпадках, калі з палавога органа выйшла сперма; калі адбыўся палавы акт, незалежна ад таго, вылучылася семя ці не; калі ў жанчыны альбо мужчыны падчас сну адбылася палюцыя (“вільготныя сны”); калі ў жанчыны спыніўся крывацёк пасля менструацыі альбо пасляродавага перыяду, абавязкова патрабуецца выканаць гусль.4
Перад здзяйсненнем поўнага ўмывання пажадана прамовіць словы “Бісмі-Лляг” (“З імем Аллага”) і мець намер ажыццявіць гусль. Затым старанна прапаласкаць рот, прамыць нос і зрабіць тое ж, што і пры малым умыванні. А пасля трэба вымыць усё цела з галавы да ног, каб не засталося аніводнага сухога месца.
Пры выкананні вуду і гусля забаронена марнаваць ваду, паводзіць сябе паспешліва і нядбайна. У хадзісах нашага Прарока ﷺ ёсць вестка пра тое, што той, хто старанна здзяйсняе ўмыванне, пазбаўляцца ад сваіх грахоў. Такім чынам, умыванне – гэта вялікая добрая справа, якая дазваляе мусульманам быць чыстымі і прыстойнымі, расслабіцца і здабыць спакой, зняць напругу і стрэс, а таксама прыдбаць Боскую ўзнагароду за гэтую справу. Пры ўмове выканання малога або поўнага ўмывання мусульманін гатовы да намазу.
1 Цірмізі, Тагарат, 1.
2 Як мінімум: мыццё твару, рук да локця, праціранне вільготнымі далонямі валасоў на галаве і мыццё ног да костачкі. – Заўв.пер. Падрабязней гл. ніжэй.
3 Калі належыць памыць усё цела, а таксама прапаласкаць рот і нос.
4 Вычышчаючы бруд з усіх складак і цяжкадаступных месцаў (пупок, складкі на скронях, вугалкі вачэй, адкуль выцякаюць слёзы і інш.).
17