Намаз

“Здзяйсняйце малітву [як мае быць], выдавайце закят і схіляйцеся ў паясных паклонах разам з тымі, хто кланяецца (выконвайце супольную малітву)”.1
(Святы Кур’ан)
Пасля вымаўлення каліма-і шагада намаз знаходзіцца на першым месцы сярод абавязковых у ісламе відаў пакланення. Намаз – гэта адмысловае пакланенне, якое складаецца з пэўных рухаў і чытання малітваў. Ён пачынаецца з вымаўлення такбíру (слоў “Алла́гу а́кбар!” – “Аллаг вышэй за ўсё”) і сканчаецца таслі́мам (словамі прывітання “Ас-саля́му але́йкум ва рахмату-Лла́г” – “Мір вам і ласка Божая”). Намаз – гэта калі раб паўстае перад Аллагам у глыбокай пашане, любові і трымценні, шчыра моліцца і дзякуе Яму.
Падзяка Госпаду за дадзеныя нам даброты – наша задача як вернікаў і людзей. За кожнае дабро можна падзякаваць па-свойму. Іншымі словамі, падзяка за ўсе магчымасці і даброты, якія мы атрымалі ў матэрыяльным або духоўным сэнсе, павінна адбывацца праз узгадванне Аллага. Наша цела, розум, здольнасць гаварыць, наша здароўе – самыя каштоўныя даброты, якія нам дадзены. Вось і намаз як пакланенне, якое здзяйсняецца фізічна, выконваецца ў якасці падзякі Аллагу за ўсё гэта.
Святы Кур’ан паведамляе, што на працягу ўсёй гісторыі ўсе прарокі загадвалі сваім супольням выконваць намаз. Вядома, набажэнства кожнай грамады мае розныя рысы. Малітва мусульманіна, якой вучыў і паказваў Прарок Мухаммад ﷺ, ажыццяўляецца пяць разоў на дзень, звяртаючыся ў бок кыблы. Засяродзіўшыся на пакланенні ў агульным парыве цела, розуму і сэрца, чалавек адчувае, што намаз цалкам захоплівае яго. У кыяме (рытуальным стаянні) ён паўстае перад Аллагам, у становішчы руку́’ (паяснога паклону) ён схіляецца толькі перад Ім, робячы саджда (зямны паклон), ён, знаходзячыся да Аллага бліжэй за ўсё, выказвае сваю пакору Яму.
Намаз – гэта апора рэлігіі іслам, сістэма абароны ад зла, выкупленне грахоў, самае важнае пакланенне, за якое чалавек у першую чаргу будзе даваць адказ у вечным жыцці. Выкананне намазу без зацягвання, з пабожнасцю і грунтоўнасцю, часта згадваецца ў Кур’ане як адметная рыса мусульман. Наш Прарок ﷺ настойваў на наведванні мячэці, каб выконваць рытуальную малітву ў джамааце (супольна), паколькі гэта спрыяе знаёмству, згуртаванню, братэрству і ўзаемападтрымцы паміж вернікамі.
Мусульманін павінен, прытрымліваючыся натхнення і парадаў Пасланца Божага ﷺ, праяўляць неабходную самааддачу ў дачыненні да намазу. Такім чынам, чалавек, аддаляючыся ад жыццёвай мітусні, пяць разоў штодзённа ўзгадвае Усявышняга Аллага, выказваючы Яму сваю пашану і прыхільнасць. Раб, які ўсёй сваёй існасцю звяртаецца ў намазе да свайго Госпада, ачысціцца, супакоіцца,  атрымае спакой і шчасце ў вечным свеце.
Чалавек, які для здзяйснення намазу робіць малое або, пры неабходнасці, поўнае ўмыванне, пазбаўляеца ад фізічнага і духоўнага бруду. Ён прыводзіць сябе і сваё адзенне ў парадак. Для малітвы ён павінен апрануць чыстую вопратку і прыкрыць аўра́т (участак цела, які нельга паказваць староннім асобам). Потым ён паварочваецца да кыблы, і, накіроўваючы твар да яе, звяртае сваё сэрца да Госпада. Кыбла – гэта напрамак у бок Каабы. Кааба – дом Аллага ў горадзе Мекка, галоўная святыня ісламу. Мусульмане ўсяго свету звяртаюцца ў адным кірунку і сустракаюцца ў дабраславёным і выдатным засяроджванні.
Пяціразовая малітва для мусульманіна з’яўляецца фарзам, гэта значыць пакланеннем, якое загадана Аллагам і абавязковасць якога нельга адмаўляць. Ранішні (фаджр/сабах), пасляпаўдзённы (зугр), перадвечаровы (‘аср), вечаровы (магрыб) і начны (‘іша) фарз-намазы складаюцца з рознай колькасці ракаатаў, гэта значыць кароткіх частак (малітоўных цыклаў). У той жа час ёсць сунна-намазы (пажаданыя добраахвотныя малітвы), якія шаноўны Прарок ﷺ увёў у звычай і выконваў у якасці прыкладу для вернікаў, а таксама намазы, якія чалавек можа здзяйсняць, калі захоча (на́філь-намазы, добраахвотныя малітвы).
Чалавек, гатовы да малітвы, ведаючы, які намаз ён будзе выконваць, спачатку робіць намер, а затым узнімае рукі і прамаўляе такбір. Кажучы: “Аллагу акбар!”, – ён пачынае малітву з усведамленнем існавання Аллага, Яго адзінства, Яго велічы і немагчымасці пакланяцца камусьці іншаму, акрамя Яго. Пасля пачатку намазу ўжо нельга весці староннія размовы.
Пасля такбіру, паклаўшы правую руку на левую ніжэй пупка, стаўшы перад Аллагам, ён пэўны час застаецца ў становішчы кыям, гэта значыць, стоячы. Спачатку ён чытае кароткую малітву, вядомую як “Субханака” (альбо “ас-Сана́”). Пасля гэтай малітвы чытае па памяці суру “Фаціха” (першая сура Кур’ана), змест якой нясе сэнс малітвы і падпарадкавання Усявышняму Аллагу. Скончыўшы чытанне суры “Фаціха”, ён прамаўляе: “Амін” (“Хай будзе так!”), – і чытае на памяць вядомыя яму суры або асобныя аяты са Святога Кур’ана.
Пасля кыяма, прамовіўшы такбір, пераходзіць у становішча руку́’. Руку’ – гэта стан, калі раб схіляе спіну і кланяецца, выяўляючы сваю бездапаможнасць перад веліччу і магутнасцю Аллага. У паясным паклоне ён прамаўляе прынамсі тры разы: “Субха́на Ра́ббіяль-‘Азы́м (“Прачысты мой Вялікі Госпад”).
Выпростваючыся, ён кажа: “Самі’а-Лла́гу лі-ман хаміда́г” (“Чуе Усявышні таго, хто ўслаўляе Яго”), – і выказвае словы хвалы, кажучы: “Раббана́ лякяль-хамд” (“Госпадзе наш, толькі Табе хвала”). Потым прамаўляе такбір і апускаецца для здзяйснення зямнога паклона (становішча саджда). Саджда выконваецца, паклаўшы рукі, твар, калені і пярэднюю частку ступняў на падлогу, датыкаючыся лбом і носам да падлогі, апусціўшыся тварам уніз. Чалавек выконвае ў адным ракааце два зямныя паклоны і ў кожным з іх як мінімум тры разы прамаўляе: “Субха́на Ра́ббіяль-А’ля́” (“Прачысты мой Найвышэйшы Госпад”), – а паміж дзвюма зямнымі паклонамі абавязкова пэўны час сядзіць.
Кожны цыкл намаза, які здзяйсняецца ў такой паслядоўнасці, называецца ракаатам. Мусульманін, які пасля завяршэння ўсіх ракаатаў у канцы намаза сядзіць пэўны час, чытае розныя малітвы. Падчас гэтага апошняга сядзення, званага ка́’да аль-ахы́ра, чытаюцца адмысловыя малітвы, вядомыя як “ат-Тахія́т” (таша́ггуд), “Аллагу́мма са́ллі”, “Аллагу́мма ба́рык” (саляват) і “Раббана́”. Нарэшце, прамаўляючы: “Ас-саля́му але́йкум ва-рахмату-Лла́г!” (“Мір вам і дабраславенне Аллага!”), – і, паварочваючыся з гэтымі словамі спачатку направа, затым налева, завяршае намаз. Таслі́м сімвалізуе пажаданне міру і дабраславення анёлам, якія знаходзяцца праваруч і леваруч ад чалавека, а таксама людзям і ўсяму сусвету, нібыта чалавек, пакінуўшы гэты свет падчас намазу, зноў вяртаецца на зямлю.
Занядбаць, парушыць або адкласці намаз з-за ляноты, грэбавання або няўважлівасці – гэта паводзіны, якія не пасуюць мусульманіну. Таму што намаз – адна з апор ісламу і адна з самых яркіх прыкмет пакланення.


1 Бакара, 2/43.

18