Пост
“О вы, якія паверылі! Усталяваны для вас абавязкам пост – таксама, як ён быў усталяваны для вашых папярэднікаў, – каб вы былі богабаязныя”1
(Святы Кур’ан)
Пост – гэта ўстрыманне ад ежы, пітва і інтымных стасункаў ад світання да заходу сонца, якое выконваецца толькі дзеля Аллага. Пост, як і намаз, закят і хадж, – адзін з асноўных відаў пакланення, якія прадпісаны людзям праз усіх прарокаў.
Паводле ісламу, пост на працягу месяца Рамадан абавязковы для кожнага разумнага мусульманіна, які дасягнуў паўнагадовага ўзросту (паводле Шарыяту, ён адпавядае падлеткаваму ўзросту). Той, хто хварэе або знаходзіцца ў дарозе, цяжарныя і кормячыя грудзьмі жанчыны могуць поснікаць пазней, і, такім чынам, яны могуць папоўніць свой пост. Цяжка хворыя, у якіх няма надзеі на вылячэнне, незалежна ад іх узросту, і пажылыя людзі, якія аслаблі да такой ступені, што ўжо не могуць поснікаць, выплачваюць фі́дзью, паколькі не змогуць папоўніць свой пост у будучыні. Фідзья – гэта выплата пэўнай сумы, каб накарміць беднага чалавека, за кожны дзень посту Рамадана, які нельга трымаць з-за ўважлівай прычыны. Тыя, чый матэрыяльны стан не дазваляе зрабіць гэта, просяць у Аллага прабачэння. У рэшце рэшт, Аллаг справядлівы, а фідзья мае на мэце падтрыманне сацыяльнай узаемадапамогі з нагоды посту, бо каштоўнасць гэтага пакланення занадта высокая, каб яе можна было вымераць матэрыяльнымі адзінкамі.
Каб годна трымаць пост, мусульманін павінен поснікаць не толькі сваім страўнікам, але і ўсімі сваімі органамі. Яго вочы павінны заўважаць добрае і не звяртаць увагі на грахоўнае, яго вушы павінны прыслухоўвацца да добрага і не слухаць грахоўнага, на яго вуснах павінны быць альбо добрыя словы, альбо ён павінен умець змаўчаць, яго сэрца павінна імкнуцца да дабра і пазбягаць дрэнных жаданняў. Аллагу не патрэбна адмова ад ежы і пітва, калі чалавек не адмовіцца ад хлусні, зласлоўя і бязбожнасці.
Пост выхоўвае чалавека, вызваляючы яго ад спакус, звабаў і прыхамацей. Ён вучыць яго цярпенню, удзячнасці, пакоры, пашане да дабротаў і да здароўя. Ён дае здароўе яго целу, жвавасць яго розуму, спакой яго сэрцу. Спрыяе, каб вернік, устаючы да суху́ру (ранішняга ўжывання ежы да світання напярэдадні дня посту), ацаніў каштоўнасць часу, а, запрашаючы бедакоў да стала іфта́ру (вечаровага ўжывання ежы пасля дня посту), зразумеў карысць садакі (міласціны).
1 Бакара, 2/183.
19