Закят і садака (міласціна)

“Папраўдзе, тыя, якія паверылі [у Аллага і слухаліся Яго], здзяйснялі добрыя справы, выконвалі малітву і давалі закят, – ім  узнагарода ад Госпада іх. Няма страху ім [за будучыню] і не будуць засмучаныя яны [ані ў чым]”1
(Святы Кур’ан)
Дапамога людзям, падтрымка маламаёмных і неабароненых слаёў грамадства з’яўляюцца адной з адметных рыс маральных нормаў мусульман. Пераўтварэнне гэтых добрых дзеянняў у інстытуцыйную структуру ў ісламе адбываецца праз сістэму закяту.
Закя́т – адна з пяці апор ісламу. Мусульманін, які лічыцца багатым з рэлігійнага пункту гледжання, ахвяруе ўсталяваную Кур’анам і Суннай пэўную суму з таго, што ў яго ёсць, маламаёмным групам, імкнучыся толькі да задавальнення Аллага. З ашчаджанняў, якія прыносяць даходы (маюць уласцівасць расці ў кошце), такія як золата, срэбра, камерцыйныя тавары, пэўныя сельскагаспадарчыя культуры і віды хатніх жывёл, трэба выплачваць закят у памеры, вызначаным Кур’анам і Суннай.
Закят вядзе не да змяншэння маёмасці, а да ачышчэння заробленых багаццяў, заможнасці і атрымання ўзнагароды ў вечнасці. У Кур’ане, калі пералічваюцца якасці добрых вернікаў, у шматлікіх аятах побач згадваюцца бездакорнае выкананне намазу і выплата ачышчальнай міласціны (закяту). Гэтыя аяты апісваюць вобраз чалавека, які, пакланяючыся Аллагу як сваім целам, так і сваёй маёмасцю, прысвячае Яму ўсяго сябе.
Паводле ісламу, апроч абавязку заможнага чалавека выплачваць закят, кожны, незалежна ад таго, багаты ён ці не, можа даць садаку (міласціну), гэта значыць узрадаваць іншага чалавека, задаволіўшы яго патрэбу і ахвяраваўшы хоць бы нямногае, але ад усяго сэрца. Садака не мае меры, месца і часу. Любыя добрыя ўчынкі, зробленыя ў матэрыяльным і духоўным сэнсе, лічацца садакой.
Садака – гэта і накарміць галоднага, і адведаць хворага. Прынесці прадукты харчавання ў бацькоўскі дом або прыгатаваць ежу разам з маці для таго, каб накарміць сям’ю, – гэта таксама садака. Добрае слова, шчырая парада, прыязнасць, заахвочванне да дабра і перасцярога ад зла, пачастунак падарожніка і госця, ускладанне на сябе цяжару пажылога чалавека, спагада да жывёл, навучанне і многія іншыя добрыя справы ўваходзяць у паняцце міласціны (садакі).2
Усявышні Аллаг дае багацце кожнаму, не робячы адрознення паміж вернікамі і нявернікамі. Але факт валодання ўласнасцю не робіць уладальніка нейкай важнай асобай. Што робіць заможнага чалавека насамрэч важным, – дык гэта разуменне каштоўнасці дабра, якое ў яго ў руках, і ўдзячнасць за гэта. А сапраўдная ўдзячнасць за багацце палягае ў веры, што яго ўладальнікам у канчатковым выніку з’яўляецца Аллаг, і ў ахвяраванні пэўнай часткі маёмасці, ведаючы, што на гэта маюць права і бедныя.
Іслам не бачыць нічога дрэннага ў тым, каб валодаць маёмасцю і нават збіраць багацце. Бо, калі багаты вернік выдаткоўвае свае матэрыяльныя сродкі на шляху дабра, ён выйграе сам і робіць свой унёсак у дабрабыт грамадства. У ісламе найгоршым з багаццяў лічыцца тое, якое назапашваецца са славалюбствам і ўтрымліваецца з хцівасцю, парушаючы правы тых, хто мае патрэбу.
Адным з аспектаў закяту і садакі, якім надаецца адмысловая ўвага, з’яўляецца іх выплачванне пры захаванні сціпласці і таемнасці. Недапушчальна крыўдзіць бедных, папракаць іх за аказаную ім дапамогу, ператвараць дабрачыннасць ў рэкламу.
Прыдбаць поспех у выпрабаванні багаццем магчыма толькі тады, калі чалавек кантралюе сваю цягу да ўзбагачэння, а таксама дапамагае іншым людзям. Выплачваючы закят і садаку, чалавек пазбаўляецца сквапнасці і прыхільнасці да матэрыяльных даброт і выгод. Адчуўшы смак ад надзялення іншых, ён прывыкае да шчодрасці. Адвёўшы на задні план уласнае “я”, ён усведамляе каштоўнасць пачуцця “мы”.
Гэты свет, з усёй прыгажосцю і багаццем у ім, з’яўляецца мінучым, тленным. Навечна ж застаюцца толькі вера і праведныя ўчынкі, гэта значыць, інвестыцыі ў дабро. Чалавек – усяго толькі захавальнік. Сапраўды багаты той, хто садзейнічае людзям, выплачваючы закят; той, хто будуе школы, мячэці, прытулкі для гаротных з дапамогай садакі; той, хто выхоўвае людзей, дзелячыся сваімі ведамі.


1 Бакара, 2/277.

2 Нават калі ты сам будзеш спажываць заробленае сваімі рукамі – і гэта таксама садака.

20