Хадж
“Людзі абавязаныя перад Аллагам здзяйсняць хадж да Дому (Каабы) – хто будзе здольны на гэта”.1
(Святы Кур’ан)
Паводле ісламскай рэлігіі, першым домам пакланення, узведзеным для людзей, з’яўляецца Кааба, пабудаваная для чалавецтва ў Меццы як ласка Божая і крыніца спазнання сапраўднай веры. Хадж палягае ў тым, каб, увайшоўшы ў стан іхрама, у дзень Арафа (9-ы дзень месяца Зуль-Хіджа), выканаць вуку́ф (малітоўнае стаянне) ля гары Арафат, а затым, пазней, здзейсніць тава́ф (абыход) Каабы. Так вернік звяртаецца да Аллага паблізу Каабы. Хадж адбываецца раз на год у пэўныя дні ў мясцовасці Харам (Запаветнай зямлі), дзе знаходзіцца Кааба.2
Святое падарожжа ў Мекку дазваляе верніку, які, здзяйсняючы штодня пяціразовую малітву, звяртаецца ў бок дома Аллага здалёк, убачыць і адчуць яго на гэты раз у непасрэднай блізкасці. Вядома, асноўная мэта хаджу не ў тым, каб проста дасягнуць Каабы. Галоўная мэта ў тым, каб дасягнуць дабраславення Аллага, Гаспадара Каабы, выказваючы яму адданасць, паслухмянасць, пакорлівасць і бясконцую ўдзячнасць.
Хадж як пакланенне, якое выконваецца з дапамогай як маёмасці, так і цела, мае асобную вартасць і значэнне. Ён умацоўвае духоўныя бакі мусульман, прывівае ім свядомасць адзінства і салідарнасці, умацоўвае іх годнасць і павышае пачуццё адказнасці, дае ім магчымасць дзейнічаць разам як адзіная супольнасць (умма). У дабраславёнай атмасферы паломніцтва сустракаюцца мусульмане розных рас, з рознымі мовамі, колерам скуры і звычаямі, але вызнаючы агульную рэлігію. Яны атрымліваюць магчымасць абменьвацца любоўю, ведамі, навыкамі, досведам і культурай, спазнаваць адзін аднаго. Такім чынам, плённая сустрэча адбываецца ў самы дабраславёны час, у найсвяцейшым месцы. Такім чынам, хадж прыносіць вялікую карысць не толькі ў індывідуальным, але і ў сацыяльным сэнсе.
Хадж – гэта пакланенне, якое праходзіць праз пэўныя знакі. У хаджы кожны рух і стан маюць сімвалічнае значэнне. Падчас хаджу сімвалічна згадваюцца і паўтараюцца многія падзеі, якія адбыліся ў сям’і прарока Ібрагіма (мір над ім), тое, што здарылася з яго сынам Ісмаілам (мір над ім) і яго жонкай Гаджар (хай будзе задаволены ёю Аллаг). Такія практыкі, як абыход вакол Каабы, сай (хуткая хада) паміж узгоркамі Сафа і Марва, іхрам, тальбія (услаўленне Бога паломнікам), галенне галавы, знаходжанне ў мясцовасці Арафат, кіданне камянёў у джамараты (слупы, якія сімвалізуюць шайтана) і ахвярапрынашэнне – гэта частка хаджу і спадчына прарокаў ад Ібрагіма да Мухаммада (мір над імі ўсімі).
Пасланец Аллага ﷺ абвяшчае аб тым, што той, хто здзейсніў паломніцтва, адмовіўшыся ад прыхамацей і пажады сваёй душы, пазбягаючы граху і зла, стане чыстым, як у той дзень, калі ён быў народжаны сваёй маці. Ён казаў: “За бездакорны хадж, прыняты Аллагам, няма іншай узнагароды, акрамя Раю”.3
1 Алю Імран, 3/97.
2 А абвязковым для мусульманіна з’яўляецца выкананне хаджу раз у жыцці.
3 Бухары, Умра, 1.
21