Курбан (ахвярапрынашэнне)

“Ні мяса, ні кроў іх (ахвярных жывёл) не дасягаюць Аллага, але Яго дасягае вашая богабаязнасць!”.1
(Святы Кур’ан)
Курба́н – гэта абрад, падчас якога дзеля пакланення Усявышняму Аллагу належным чынам у вызначаны час рэжуць пэўных жывёл, якія адпавядаюць канкрэтным умовам. Як і ва ўсіх астатніх відах пакланення, сапраўдная мэта ахвярапрынашэння – імкненне наблізіцца да Аллага і прыдбаць Яго дабраславенне. Такім чынам, курбан – гэта праява павагі і пакоры Аллагу з боку богабаязных рабоў, якія ўсведамляюць сваю адказнасць перад Ім.
Ахвярапрынашэнне – гэта пакланенне, прадпісанае кожнай супольні, пачынаючы з шаноўнага Адама (мір над ім). І сёння падчас ахвярапрынашэння мусульмане ўзгадваюць гісторыю двух сыноў Адама (мір над ім), Габіля і Кабіля, якія былі падвергнуты выпрабаванню на шчырасць прынашэннем у ахвяру жывёлы, якую яны прысвяцілі Аллагу. У гэтым выпрабаванні перамог Габіль, які належным чынам падпарадкаваўся загаду Аллага і быў сціплы, а Кабіль, выявіўшы зайздрасць і скнарлівасць, прайграў.
Курбан таксама нагадвае аб выпрабаванні на пакорлівасць прарока Ібрагіма і яго сына Ісмаіла (мір над імі). Найслаўнейшы Ібрагім, які меў намер прынесці ў ахвяру свайго адзінага сына Ісмаіла, паказаўшы, што ён гатовы аддаць на шляху Аллага найкаштоўнейшае, што ў яго ёсць, у якасці ўзнагароды атрымаў барана.
Таксама і Прарок ісламу Мухаммад ﷺ прыносіў ахвярапрынашэнні штогод аж да самай смерці, а мяса жывёлы, прынесенай у ахвяру (курбаніну), еў сам і яго сям’я, яно падавалася як пачастунак сябрам і раздавалася беднякам.
Нягледзячы на тое, што пры згадванні курбана маюцца на ўвазе жывёлы, зарэзаныя падчас Курбан-байраму (свята ахвярапрынашэння), ёсць таксама розныя віды курбаноў, такія як назр/адак (абяцанне), шукр (падзяка), каффа́рат (адкупленне) і акы́ка (пры нараджэнні дзіцяці), якія здзяйсняюцца з намерам пакланення ў іншы час года. Аб выкарыстанні іх мяса існуюць розныя рэлігійныя палажэнні.
Сэнс пакланення шляхам курбану выкладзены ў наступных словах шаноўнага Прарока ﷺ: “Папраўдзе, я звярнуў свой твар да Таго, Хто стварыў нябёсы і зямлю, у адпаведнасці са шляхам ханіфаў (адзінабожнікаў), і я – не з ліку паганцаў! Сапраўды, мой намаз і маё ахвярапрынашэнне,  жыццё маё і смерць мая прысвечаны толькі Аллагу, Госпаду сусветаў, і няма ў Яго раўні. Гэтак мне загадана, і я – адзін з мусульман! О Аллаг, гэта жывёла ад Цябе, і яна прынесена ў ахвяру ад Мухаммада і яго уммы дзеля Твайго дабраславення”.2
Мусульманін, здзяйсняючы ахвярапрынашэнне, выконвае гэтае пакланенне з мэтай пакоры волі свайго Госпада, ачышчэння і ахвяравання дадзеных Ім даброт на Яго шляху. Засцерагаючыся ад цягі да багацця і скнарлівасці, ён адчувае радасць ад дабрачыннасці і ахвяравання на шляху Аллага. Пачынаючы з самых блізкіх, гэтая справа асветліць радасцю твары людзей, якія маюць патрэбу, пацярпелых і сірот. Такім чынам, курбан аберагае дух братэрства, дапамогі і салідарнасці ў мусульманскай супольнасці, спрыяючы рэалізацыі сацыяльнай справядлівасці.


1 Хадж, 22/37.

2 Абу Давуд, Дахая, 3-4.

22