Іслам – рэлігія справядлівасці
“Папраўдзе, Аллаг загадвае справядлівасць, дабрачыннасць і падтрымку сваякоў. Ён забараняе мярзоту, грахі ды ўціск. Ён настаўляе вас, каб вы апомніліся [і вярнуліся]”.1
(Святы Кур’ан)
Справядлівасць – гэта прадастаўленне заслужанай узнагароды таму, хто робіць дабро, і вынясенне заслужанага пакарання таму, хто робіць злачынства. Справядлівасць палягае і ў тым, каб прызначаць на пасаду годнага кандыдата; каб своечасова і годна аплачваць працу таго, хто рупліва працуе; забяспечыць падтрымку бесстароннасці, роўнасці і раўнавагі паміж людзьмі. Дзякуючы справядлівасці захоўваецца як гонар, годнасць і правы чалавека, так і дабрабыт і лад у грамадстве.
Адно з імён Усявышняга Аллага, Аль-‘Адль, азначае “Валадар вечнай і неадменнай справядлівасці”. Ён – Той, Хто ўраўнаважыў сусвет, адплачвае без астатку як за найменшы добры ўчынак, так і за мізэрна малое зло, і заўжды судзіць паміж Сваімі рабамі па справядлівасці. Хоць можа здацца, што некаторыя даброты не размеркаваны паміж людзьмі ў гэтым свеце раўнамерна або некаторыя цяжкасці не дзеляцца пароўну, на самай справе неабходна разглядаць жыццё ў гэтым і вечным свеце разам як працэс, які доўжыцца вечнасць. Бо Аллаг выпрабоўвае кожнага чалавека паасобку, і ў вечным жыцці Ён адплаціць яму па заслугах і забяспечыць справядлівасць у абсалютным сэнсе.
Аллаг загадвае Сваім рабам у кіраванні, асуджэнні і ўсіх ва астатніх чалавечых адносінах дзейнічаць адпаведна з нормамі справядлівасці. Ён строга забараняе ўціск, які з’яўляецца супрацьлегласцю справядлівасці. Паводле ісламу, усе людзі роўныя перад законам, незалежна ад іх расы, паходжання, сацыяльнага класа, колеру скуры, мовы і г. д. Адзіны спосаб дасягнуць перавагі перад Аллагам – дзейнічаць з глыбокім пачуццём адказнасці перад Ім, гэта значыць, быць богабаязным.
Іслам лічыць жыццё, маёмасць, гонар, веру і розум кожнага чалавека недатыкальнымі. Усемагутны Аллаг заклікае мусульман быць справядлівымі нават да іх ворагаў: “О вернікі! Будзьце трывалымі ў веры ў Аллага, сведчыце бесстаронна і няхай вашая непрыхільнасць да іншых не падштурхне вас да несправядлівасці. Трымайцеся справядлівасці, бо яна бліжэй да богабаязнасці. Бойцеся Аллага, сапраўды, Яму добра вядома ўсё тое, што вы робіце”2.
Справядлівасць – самая фундаментальная маральная каштоўнасць, якая падтрымлівае грамадства і дае ўпэўненасць людзям. Пры парушэнні справядлівасці грамадства ахопіць жорсткасць, беззаконне, няпэўнасць, хаос і смута. Такім чынам, для таго, каб быць мусульманінам, неабходна аддаваць належнае кожнаму, хто мае права, і паважаць правы тых, хто жыве побач з ім, хто знаходзіцца пад яго кіраўніцтвам або ў зоне яго адказнасці. Іслам прадпісвае, каб бацькі абыходзіліся справядліва са сваімі дзецьмі, кіраўнік не адыходзіў ад справядлівасці ні на крок у адносінах да падначаленых, суддзя выносіў вырак па справядлівасці, у грамадстве была ўстаноўлена справядлівасць паміж мужчынамі і жанчынамі, а наймальнік ствараў справядлівыя ўмовы працы.
1 Нахль, 16/90.
2 Маіда, 5/8.
25