Іслам – рэлігія міру і дабрабыту

“О вы, якія паверылі! Будзьце пакорлівыя Аллагу ва ўсім (прымайце іслам цалкам, будзьце міралюбівымі і дружнымі)”. 1
(Святы Кур’ан)
Назва рэлігіі іслам паходзіць ад кораня “салям”, што азначае “дабрабыт, мір і збавенне”. У той жа час ас-Саля́м – гэта адно з імён Усявышняга Аллага, якое азначае “Той, Хто дае дабрабыт і мір, Той, Хто вядзе да выратавання”. І ў гэтым сэнсе мусульманін – гэта той, хто выбірае выратаванне і мір. Іман у лексічным плане азначае “знаходзіцца ў бяспецы і спакоі, пазбавіцца ад страхаў”. Такім чынам, хаос, канфлікты, тэрор і вайна не маюць нічога агульнага з сутнасцю ісламу, мэтай яго паслання і прынцыпамі яго існавання.
Іслам імкнецца забяспечыць спакой, мір, атмасферу ўзаемнай павагі і даверу на зямлі. Сярод яго мэтаў – каб чалавек, які мае такі дар, як розум, спыніў сваркі і рознагалоссі і дасягнуў кампрамісу.
Мусульманін, які паважае іншых людзей, схільны да міру і ўзаемаразумення, набывае сталы характар з добрым норавам ад свайго Госпада, Які даў яму жыццё. Скараючыся перад Ім, ён злучаецца з крыніцай міру і дабрабыту. Гэтак жа, як ён дасягае міру і дабрабыту ў сваім унутраным свеце, ён пераносіць гэты дабрабыт і ў навакольны свет. Прытрымліваючыся Кур’ана, які Аллаг паслаў чалавецтву ў якасці кіраўніцтва для ўступлення на праўдзівы шлях, і найвялікшаму прадстаўніку чалавецтва – Прароку Мухаммаду ﷺ, ён дасягне Раю, які яшчэ называюць “Дар ас-салям”, што значыць – “Прыстанак міру”.
З часу першай трагічнай падзеі, якая адбылася паміж сынамі шаноўнага Адама (мір над ім)2, гісторыя чалавецтва была сведкам шматлікіх войн, зверстваў і жорсткасці. З-за веры, колеру скуры, расы або багацця зямлі, на якой яны жылі, гонар многіх людзей быў растаптаны, іх годнасць была знішчана, а іх саміх пазбавілі самых асноўных жыццёвых правоў. Але цягам усёй гісторыі Усемагутны Аллаг перасцерагаў людзей і пасылаў прарокаў і кнігі, каб прапанаваць чалавецтву годнае жыццё. Апошняе звяно ланцужка прарокаў было ўвянчана Прарокам ісламу – Мухаммадам Мустафой ﷺ.
Прарок цягам усяго свайго жыцця заклікаў людзей да справядлівасці і праўды, быў на баку міру і прымірэння. Ён ніколі не браўся за зброю, помсцячы за сябе, хіба толькі калі ворагі замахваліся на веліч ісламу, парушалі чалавечыя каштоўнасці, правы і недатыкальнасць мусульман. З гэтай нагоды ў Кур’ане гаворыцца наступнае: “Аллаг не забараняе вам быць прыязнымі і бесстароннымі да тых, хто не ваяваў з вамі праз вашу веру і не выганяў вас з вашага жылля. Сапраўды, Аллаг любіць бесстаронных”.3
У многіх хадзісах шаноўнага Прарока ﷺ сказана аб важнасці вернасці клятве і аб тым, што абавязкам мусульманіна з’яўляецца прымірэнне братоў па рэлігіі, прыкладанне высілкаў да вырашэння спрэчак дыпламатычнымі метадамі і мірным шляхам. Так, калі Пасланец Аллага ﷺ пасля доўгіх гадоў выгнання з Меккі і здзекаў шматбожнікаў вярнуўся туды як палкаводзец-пераможца, у дзень заваёвы ён не праліў кроў, не адпомсціў, а дараваў жыхарам Меккі.
Для таго, каб жыць у свеце і супрацоўнічаць, робячы добрыя справы на карысць усяму чалавецтву, іслам не ставіць умовы, каб усе людзі прытрымліваліся адной і той жа веры. Важна заняць агульную пазіцыю на карысць міру, паважаць правы і свабоды людзей, іх перакананні і каштоўнасці. У сувязі з тым, што іслам надае значэнне маральнасці і закону добрасуседства, цывілізацыя ісламу дала багата ўнікальных прыкладаў суіснавання людзей розных рас і веравызнанняў на адной зямлі ў міры.
Тут таксама было б дарэчы распавесці пра адно з ключавых паняццяў ісламу, джыга́д4. Згодна з вучэннем ісламу, джыгадам называюцца намаганні, прыкладзеныя на шляху Аллага, барацьбу дзеля ўзвышэння імя Госпада. Джыгад – гэта спроба верніка атрымаць дабраславенне Усявышняга Госпада праз сваё жыццё, маёмасць і ўсё, што ў яго ёсць.
Джыгад – гэта праява рашучасці целам, словам, думкамі і сэрцам з мэтаю захаваць святыя каштоўнасці веры. Гэта і жыццё мусульманіна на роднай зямлі з гонарам, сваёй тоеснасцю і свабодай; гэта рашучасць захаваць веру, сцяг, незалежнасць і годнасць. Джыгад ні ў якім разе не можа быць несправядлівым нападам, знішчэннем, прыгнётам або пераследам іншадумцаў. Наадварот, гэта спроба абараніць закон мусульман ад пераследу і жорсткасці. Мусульманін шчыруе і прыкладае намаганні на шляху Аллага часам з дапамогай сваіх рук, пяра і спраў, часам – з дапамогай матэрыяльных магчымасцяў і энергіі. Ён нястомна імкнецца перадаваць ісціну, заклікаць да дабра, дарыць прыгажосць. Удзел ва ўзброенай барацьбе за веру, існаванне, радзіму, выжыванне і свабоду – гэта апошні ўзровень джыгаду (калі астатнія магчымасці вычарпаны і не прынеслі плёну).
Таму брудныя гульні, якія развязваюць сёння тэрарыстычныя арганізацыі ад імя ісламу і джыгаду, не маюць нічога агульнага з сапраўдным джыгадам. Прыпісаныя мусульманам напады ваяўнікоў-смяротнікаў, жорсткасць і гвалт злачынных банд, якія страцілі спагаду і сумленне, не сумяшчальныя з разуменнем джыгаду ў ісламе. Таму што забойства нявінных і безабаронных людзей у ісламе не можа быць джыгадам. Джыгад паводле ісламу – гэта не забойства, а спроба захаваць жыццё; не знішчэнне, а адраджэнне. Незалежна ад таго, супраць каго і на якой падставе чыняцца напады на нявінных людзей, яны не маюць нават аддаленых адносін да высокага духу і ідэалаў, якія іслам ускладае на джыгад. Тэрор, які не мае аніякага дачынення да рэлігіі і веры, цноты і чалавечнасці, розуму і сумлення, заслугоўвае толькі праклёну.
Для таго, каб сцерці з твару зямлі ўсялякае зло, каб спыніць тых, хто пашырае бязладдзе і бязбожнасць, каб усталявалася панаванне міру, неабходны сумесныя намаганні ўсяго чалавецтва. Іслам заклікае аб’яднаць намаганні, каб сумесна супрацьстаяць гвалту і самавольству, і выказвае надзею, што ўсё чалавецтва і кожны мусульманін будзе імкнуцца да выпраўлення гэтага становішча. Бо дадзенае Прарокам ісламу ﷺ азначэнне мусульманіна і верніка гранічна ясна: “Сапраўдны мусульманін – гэта той, ад чыйго языка і рук не пакутуюць іншыя людзі. А сапраўдным вернікам з’яўляецца той, каму іншыя людзі давяраюць сваё жыццё і маёмасць”.5


1 Бакара, 2/208.

2 Маецца на ўвазе забойства Кабілем свайго брата Габіля з-за зайздрасці.
3 Мумтахана, 60/8.
4 Менавіта так выглядае больш правільная форма  напісання і вымаўлення арабскага слова “jihād”, больш вядомага ў форме “джыхад”.
5 Цірмізі, Іман, 12.

26

Іслам – рэлігія навукі і мудрасці

“Скажы: «Хіба роўныя тыя, якія ведаюць, і тыя, якія не ведаюць?»” 1
(Святы Кур’ан)
Аллаг, Усёведны Стваральнік і Валадар ведаў, стварыў чалавека са здольнасцю атрымліваць веды і выкарыстоўваць іх. Ісламская рэлігія патрабуе, каб чалавек выкарыстаў гэтую прыроджаную здольнасць для добрых спраў, каб тое, што ён даведаўся і чаму навучыўся, было выкарыстана на карысць чалавецтва, каб ён найлепшым чынам добраўпарадкоўваў зямлю дзякуючы ведам. Бо першы запавет, пасланы нашаму шаноўнаму Прароку ﷺ як адкрыццё Кур’ана, абвяшчае: “Чытай!”
Запавет “Чытай!” у ісламе адносіцца не толькі да ўмення чытаць і пісаць, ён мае значна больш глыбокі сэнс, які выяўляецца ў вывучэнні, разуменні, даследаванні сусвету, з дапамогай чаго будзе спасцігнута ісціна. Чалавек таксама павінен вывучаць сябе, выяўляць прычыны стварэння, імкнуцца ведаць свайго Стваральніка, спазнаючы сваё цела і душу, створаныя з цудоўнай задумай.
Самая лепшая справа, якая варта намаганняў, прыкладання высілкаў і часу, – гэта занятак навукай. Іслам лічыць атрыманне ведаў важнейшай задачай для кожнага чалавека, як мужчыны, так і жанчыны. Апошні Прарок ﷺ з гэтай нагоды казаў наступнае: “Будзь альбо вучоным, альбо вучнем, альбо іх слухачом, альбо тым, хто любіць і падтрымлівае навуку. Але не будзь пятым, інакш ты загінеш!”2
Сапраўды, кожны прарок з’яўляецца настаўнікам і, дзякуючы правільным ведам, запрашае людзей да шчасця ў гэтым і будучым жыцці. Бо праўдзівыя веды перад Аллагам маюць абсалютную і безумоўную каштоўнасць. Высокая мараль дасягаецца дзякуючы навуцы. У рэшце рэшт, чалавек узвышаецца, ведаючы ісціну і выкарыстоўваючы ў сваім жыцці тое, што ён ведае.
Паводле ісламу, ілжывую і неабгрунтаваную інфармацыю, якая вядзе чалавека да зла, не называюць ведамі, паколькі ў ведах ёсць мараль.
Найслаўнейшы Прарок ﷺ у сваіх малітвах прасіў у Аллага карысных ведаў і шукаў ў Яго выбаўлення ад ведаў, якія не нясуць яму карысці. Ён настойліва рэкамендаваў вывучаць і навучаць Кур’ану, які з’яўляецца крыніцай нязменнай ісціны і самых дакладных ведаў. Ён таксама абяцаў вялікую ўзнагароду тым, хто ў поўным аб’ёме і без скажэнняў перадае наступным пакаленням хадзісы, яго ўласныя словы. Такім чынам, ён хацеў, каб навука пашыралася, а невуцтва знікла.
У хадзісах нашага Прарока ﷺ гаворыцца, што:  
той, хто мае намер прыдбаць веды, дасягне Раю; 
той, хто выкарыстоўвае веды для карысці навакольных, будзе працягваць атрымліваць узнагароду нават пасля смерці, па меры таго, як гэтыя веды будуць выкарыстоўвацца; 
той, хто ўтойвае свае веды, праяўляе эгаізм; 
а той, хто ведае праўду, але не паводзіць сябе адпаведна ёй, бярэ на сябе цяжкі грэх. 
У ісламе цаніць веды і пазбаўляцца ад невуцтва з’яўляецца палажэннем веравучэння, якое набліжае чалавека да Аллага і прыносіць узнагароду. Вось чаму Прарок Мухаммад ﷺ сказаў: “Самай дабрачыннай міласцінай будзе мусульманіну вучы́ць свайго брата-мусульманіна таму, што ён даведаўся”.3


1 Зумар, 39/9.

2 Дарымі, Мукаддзіма, 26.
3 Ібн Маджа, Сунна, 20.

27