Іслам – рэлігія навукі і мудрасці
“Скажы: «Хіба роўныя тыя, якія ведаюць, і тыя, якія не ведаюць?»” 1
(Святы Кур’ан)
Аллаг, Усёведны Стваральнік і Валадар ведаў, стварыў чалавека са здольнасцю атрымліваць веды і выкарыстоўваць іх. Ісламская рэлігія патрабуе, каб чалавек выкарыстаў гэтую прыроджаную здольнасць для добрых спраў, каб тое, што ён даведаўся і чаму навучыўся, было выкарыстана на карысць чалавецтва, каб ён найлепшым чынам добраўпарадкоўваў зямлю дзякуючы ведам. Бо першы запавет, пасланы нашаму шаноўнаму Прароку ﷺ як адкрыццё Кур’ана, абвяшчае: “Чытай!”
Запавет “Чытай!” у ісламе адносіцца не толькі да ўмення чытаць і пісаць, ён мае значна больш глыбокі сэнс, які выяўляецца ў вывучэнні, разуменні, даследаванні сусвету, з дапамогай чаго будзе спасцігнута ісціна. Чалавек таксама павінен вывучаць сябе, выяўляць прычыны стварэння, імкнуцца ведаць свайго Стваральніка, спазнаючы сваё цела і душу, створаныя з цудоўнай задумай.
Самая лепшая справа, якая варта намаганняў, прыкладання высілкаў і часу, – гэта занятак навукай. Іслам лічыць атрыманне ведаў важнейшай задачай для кожнага чалавека, як мужчыны, так і жанчыны. Апошні Прарок ﷺ з гэтай нагоды казаў наступнае: “Будзь альбо вучоным, альбо вучнем, альбо іх слухачом, альбо тым, хто любіць і падтрымлівае навуку. Але не будзь пятым, інакш ты загінеш!”2
Сапраўды, кожны прарок з’яўляецца настаўнікам і, дзякуючы правільным ведам, запрашае людзей да шчасця ў гэтым і будучым жыцці. Бо праўдзівыя веды перад Аллагам маюць абсалютную і безумоўную каштоўнасць. Высокая мараль дасягаецца дзякуючы навуцы. У рэшце рэшт, чалавек узвышаецца, ведаючы ісціну і выкарыстоўваючы ў сваім жыцці тое, што ён ведае.
Паводле ісламу, ілжывую і неабгрунтаваную інфармацыю, якая вядзе чалавека да зла, не называюць ведамі, паколькі ў ведах ёсць мараль.
Найслаўнейшы Прарок ﷺ у сваіх малітвах прасіў у Аллага карысных ведаў і шукаў ў Яго выбаўлення ад ведаў, якія не нясуць яму карысці. Ён настойліва рэкамендаваў вывучаць і навучаць Кур’ану, які з’яўляецца крыніцай нязменнай ісціны і самых дакладных ведаў. Ён таксама абяцаў вялікую ўзнагароду тым, хто ў поўным аб’ёме і без скажэнняў перадае наступным пакаленням хадзісы, яго ўласныя словы. Такім чынам, ён хацеў, каб навука пашыралася, а невуцтва знікла.
У хадзісах нашага Прарока ﷺ гаворыцца, што:
• той, хто мае намер прыдбаць веды, дасягне Раю;
• той, хто выкарыстоўвае веды для карысці навакольных, будзе працягваць атрымліваць узнагароду нават пасля смерці, па меры таго, як гэтыя веды будуць выкарыстоўвацца;
• той, хто ўтойвае свае веды, праяўляе эгаізм;
• а той, хто ведае праўду, але не паводзіць сябе адпаведна ёй, бярэ на сябе цяжкі грэх.
У ісламе цаніць веды і пазбаўляцца ад невуцтва з’яўляецца палажэннем веравучэння, якое набліжае чалавека да Аллага і прыносіць узнагароду. Вось чаму Прарок Мухаммад ﷺ сказаў: “Самай дабрачыннай міласцінай будзе мусульманіну вучы́ць свайго брата-мусульманіна таму, што ён даведаўся”.3
1 Зумар, 39/9.
2 Дарымі, Мукаддзіма, 26.
3 Ібн Маджа, Сунна, 20.
27