Іслам – рэлігія міласэрнасці
“Я пасланы як літасць, а не як той, хто праклінае”.1
(Прарок Мухаммад ﷺ)
Літасцівы і Міласэрны Аллаг, Валадар бясконцай ласкі, засцерагае, абараняе і надзяляе Сваімі дабротамі ўсё царства быцця. Кажучы: “Мая літасць перасягае Мой гнеў”2, – Ён прабачае людзей. Ён хоча, каб і людзі былі спагадлівыя і паводзілі сябе гуманна.
Найслаўнейшы Прарок ﷺ – самы дасканалы прадстаўнік чалавецтва, з’яўляецца пасланцом літасці. Ён – прарок ласкі і спагады. Паколькі ён не быў чэрствым і грубым, яго паплечнікі згуртаваліся вакол яго, а грамадства невуцтва, схільнае да гвалту, пад яго кіраўніцтвам прыйшло да спачування.
Спагада ў Сунне Прарока ﷺ – гэта не дробнае пачуццё жалю, а актыўная пазіцыя аддаваць належнае пацярпеламу. Таму што, паводле ісламу, кожная істота, вялікая ці малая, створаная Аллагам, мае сваю каштоўнасць і заслугоўвае ласкі.
А чалавек, міласэрны да насельнікаў зямлі, заслугоўвае ў якасці ўзнагароды ласку Аллага.
Самым выдатным адлюстраваннем літасці з’яўляецца ўзаемная любоў, спагада, дабрыня і ўзаемадапамога сярод мусульман. Але спагада – гэта назва ўвагі, якая можа праяўляцца не толькі да вернікаў, да кагосьці добрага або беднага. Маральныя нормы ісламу патрабуюць таксама выяўляць літасць да дзяцей, старых і хворых, якія не ў стане абараніць свае правы, а таксама да жывёл, давераных чалавеку.
А жорсткасць і гвалт, якія з’яўляюцца супрацьлегласцю спагады, строга забаронены ў ісламе. Праява чалавекам разбуральных паводзінаў, злоўжыванне як разумовай, так і фізічнай сілай супярэчыць таму факту, што ён створаны для добраўпарадкавання і ўдасканалення зямлі. Гвалт непрымальны, незалежна ад таго, супраць каго або супраць чаго ён праяўляецца. Любы фізічны, маральны або эканамічны гвалт з’яўляецца злачынствам супраць чалавецтва, паколькі парушае недатыкальнасць асобы.
У гэтых адносінах Сунна Пасланца Аллага ﷺ, гэта значыць яго лад жыцця, мае ўстаноўку, якая літаральна накіравана на спыненне гвалту і захаванне прынцыпу міласэрнасці. Пасланец Аллага ﷺ адрынуў невуцкія погляды, якія дапускаюць гвалт, негатыўныя перакананні і дэструктыўныя дзеянні. Ён змагаўся за тое, каб гвалт, які прыводзіць да нянавісці, гневу, зайздрасці, лютасці, помсты, пакутаў і слёз, быў выкаранены з усіх слаёў грамадства, пачынаючы з сям’і – самай каштоўнай яго асновы. Не прызнаючы гвалт і дыскрымінацыю ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак, ён абараняў іх правы і годнасць. У асноўных крыніцах ісламу немагчыма знайсці апраўданне грубага, бяздушнага і бязлітаснага стаўлення да жанчыны ў сям’і і ў грамадскім жыцці.
Таксама вельмі важна, што наш Прарок ﷺ загадаў выконваць закон і трымацца маралі нават падчас вайны, калі гвалт робіцца паўсюдным; ён загадаў добра ставіцца да палонных; забараняў падчас вайны забіваць пажылых людзей, жанчын, дзяцей і святароў усіх канфесій. Мусульмане павінны быць пасламі літасці, як прыхільнікі рэлігіі, якая асуджае гвалт і жорсткасць нават на полі бітвы. У іх сэрцах павінны панаваць вера і чалавекалюбства, адказнасць з усведамленнем правоў чалавека і існавання вечнага жыцця, бо перад імі прыклад Кур’ана і Прарока ﷺ.
Абавязак верніка – дапамагаць усім, хто мае патрэбу ў чымсьці, бараніць і ратаваць тых, хто знаходзіцца ў цяжкім становішчы, дарыць любоў і давер навакольным. Бо вернік, дзякуючы поўным літасці рашэнням, спагадным словам, або працягнутай руцэ дапамогі набліжаецца да Аллага, Які і ёсць сапраўдны Валадар міласэрнасці. Як казаў наш Прарок: “Не злітуецца Аллаг з таго, хто сам не праяўляе літасці да людзей”.3
1 Муслім, Бірр ва сыля, 87.
2 Бухары, Таўхід, 22.
3 Бухары, Таўхід, 2.
29