Мусульманіну ўласціва пачуццё адказнасці
“Няўжо чалавек думае, што ён пакінуты без нагляду?”1
(Святы Кур’ан)
Усявышні Аллаг, даўшы чалавеку розум і волю, вылучыў яго з ліку іншых істот. Надзяліўшы яго рознымі здольнасцямі, Ён даў яму волю для рэалізацыі прынятых ім рашэнняў. Ён жадае, каб чалавек выкарыстоўваў сваю волю дзеля ўсталявання справядлівасці, праўды і дабра, ацэньваў сферу свабоды з усведамленнем адказнасці. У рэшце рэшт, сегасветнае жыццё – гэта выпрабаванне, а безадказныя паводзіны або спантанныя рашэнні супярэчаць духу выпрабавання.
Адказнасць дае чалавеку арыенцір у жыцці, ратуючы яго ад бязмэтнага існавання. Адказны чалавек ведае, што ў жыцці ёсць не толькі магчымасці і выгоды, але і абавязкі. Абавязкам ён надае такое ж значэнне, як і правам. Выканаўшы ўскладзеныя на яго абавязкі, ён здабывае шчасце і супакой.
У Кур’ане ясна сказана, што адказнасць, якую Усявышні Аллаг ускладае на Сваіх рабоў, надзеленых розумам і воляй, адпавядае іх сілам. Аллаг, Які лепш за ўсё ведае Сваіх рабоў і заўсёды хоча для іх лепшага, не ўскладае на іх адказнасць за грахі, учыненыя па забыўлівасці або памылкова. Ён нават прабачае іх за згубныя задумы, якія міжволі з’яўляюцца ў іх сэрцах, калі яны не будуць ажыццяўляць іх.
Жыццё з пачуццём адказнасці перад Аллагам палягае ва ўсведамленні чалавека, што ён створаны Богам, належыць Яму і ў канчатковым выніку вернецца да Яго. Ён памятае, што Аллаг, Які ўсё бачыць, усё чуе і ўсё ведае, заўсёды пры ім. З гэтым усведамленнем ён ідзе па жыцці, кожны яго крок здзяйсняецца з гэтым разуменнем.
Асноўная адказнасць чалавека перад Аллагам – у тым, што ён верыць у Яго існаванне і адзінства, не надае Яму раўні, пакорліва выконвае свае абавязкі. Але наша сувязь з Аллагам адбіваецца і на нашых адносінах з людзьмі. Таму нашыя абавязкі ў адносінах да Аллага ахопліваюць не толькі пакланенне, але і сацыяльныя пытанні, якія датычацца ўсіх членаў грамадства. Бо ў чалавека таксама ёсць абавязкі перад сабой, сваёй сям’ёй, сваякамі, грамадствам і прыродай.
Іслам разглядае правы і абавязкі як дзве чашы шаляў. Наяўнасць правоў людзей натуральным чынам спараджае і іх узаемную адказнасць адзін перад адным. Чалавек, які хоча, каб выконваліся яго правы, таксама павінен узяць на сябе і абавязкі. Калі будзе дасягнуты такі баланс, можна будзе пабудаваць моцнае грамадства мірных людзей.
1 Кыяма, 75/36.
30