Мусульманін ніколі не праяўляе несправядлівасці

“Я забараніў несправядлівасць самому сабе і зрабіў яе забароненай паміж вамі. Дык не ўціскайце ж адзін аднаго!”1
(Прарок Мухаммад ﷺ)
Несправядлівасцю з’яўляецца адмова ад прадастаўлення належнага права праваўладальніку і прыніжэнне чыёй-небудзь годнасці. Несправядлівасць – гэта агульная назва ўсіх відаў прыгнёту, жорсткасці, бесчалавечнасці і непрыстойнасці.
Паводле ісламу, самай вялікай несправядлівасцю будзе аддаць права Аллага камусьці іншаму, гэта значыць, прызнаць, што нібыта ёсць нейкае боства (аб’ект, варты пакланення), акрамя Аллага. Наданне Аллагу раўні, тады як Ён стварыў чалавека і надзяліў яго незлічонымі ласкамі, – гэта шырк. Шыркам з’яўляецца адмова ад Аллага, прыдумванне іншых багоў, сістэм вераванняў, заснаваных на шматбожжы, а затым пакланенне гэтым выдуманым багам. Гэта, у літаральным сэнсе, з’яўляецца несправядлівасцю.
Акрамя шматбожжа, несправядлівасцю будзе адмаўленне аятаў Аллага, непрызнанне Кур’ана і яго палажэнняў, а таксама нявер’е ў прароцтва і прарокаў. Людзі не павінны быць сярод тых, хто несправядлівы да свайго Госпада. Ім нельга абыходзіцца жорстка з сабою, пазбаўляючы сябе веры. Ім трэба навучыцца атрымліваць асалоду ад шчасця, міру і даверу, атрыманымі ад цеснай сувязі са сваім Госпадам, а не ператвараць у вязніцу і гэты свет, і вечнае жыццё.
І гэтак жа чалавеку нельга выяўляць жорсткасць да навакольных людзей, жывых і неадушаўлёных істот. Несправядлівасць у міжасобасных адносінах – гэта пераход межаў у адносінах да іншага чалавека, парушэнне яго правоў, несправядлівае і бязлітаснае стаўленне да яго.
Забарона несправядлівасці ў ісламе усеагульная, без падзелу людзей на мусульман і немусульман. Бо, калі не стрымліваць прыгнёт і не прадухіляць сацыяльную несправядлівасць, моцныя, але жорсткія людзі непазбежна будуць парушаць мір у грамадстве. Таму мусульманін, незалежна ад абставін, стаіць поплеч з прыгнечаным супраць прыгнятальніка. Ён бароніць права і ісціну, і ніколі не саступіць парушальнікам закону і пабожнасці.
Іслам забараніў усе віды несправядлівасці, перш за ўсё, наданне супольнікаў Госпаду, і недвухсэнсоўна растлумачыў, што несправядлівыя людзі не здабудуць любові Аллага, ніколі не будуць падтрыманы Ім і не змогуць разлічваць на выратаванне у вечнасці.


1 Муслім, Бірр ва Сыля, 55.

33