Мусульманін – удзячны раб Аллага

“Мы даравалі вам моц на зямлі і вызначылі для вас сродкі да існавання. Як жа мала вы дзякуеце!”1
(Святы Кур’ан)
У ісламе выраз “Хвала Аллагу” (“Альха́мду лі-Лляг”, беларускі адпаведнік: “Дзякуй Богу!”) азначае разумець каштоўнасць літасці Аллага і быць удзячным за дадзеныя Ім доброты. Усхваленне Аллага – гэта падзяка Яго або ў душы, або выяўленае словамі, і шчырае прызнанне таго, што мы працягваем жыць дзякуючы толькі Яго літасці.
Удзячнасць сэрца – верыць, што Аллаг дорыць даброты. Усхваленне, выказанае на словах, заключаецца ў шчырай удзячнасці за магчымасці і даброты, атрыманыя ад Яго. Падзяка целам – выкарыстоўваць сваю энергію ў справах, дабраслаўлёных Аллагам, здзяйсняць пакланенні, такія як намаз і пост, і пазбягаць забароненага Аллагам. Падзяка за багацце выяўляецца ў тым, каб клапаціцца аб тых, хто мае патрэбу, выплачваючы садаку і закят; а падзяка за валоданне ўладай і аўтарытэтам заключаецца ў тым, каб выкарыстоўваць сваю сілу дзеля дабра і справядлівасці.
Усхваленне Аллага – гэта, па сутнасці, свядомасць пакланення, лад жыцця. Гэта значыць, што раб, надзелены незлічонымі дабротамі, маючы што есці і што апрануць, надзелены фізічнымі і разумовымі здольнасцямі, а таксама матэрыяльнымі і духоўнымі магчымасцямі, не забывае свайго Госпада.
Патрэба чалавека ва ўдзячнасці заснавана на яго прыродзе. Адчуваючы шчырую ўдзячнасць да таго, хто зрабіў для яго штосьці добрае, чалавек не павінен грэбаваць і ўсхваленнем свайго Стваральніка, Які пасылае яму столькі даброт. Ён павінен усведамляць сваю ўласную слабасць, павінен разумець, што ён не можа жыць без дапамогі, падтрымкі і літасці Аллага.
З іншага боку, паводле нормаў прыстойнасці ісламу, неад’емнай часткай усхвалення Аллага з’яўляецца удзячнасць людзям, якія добразычліва ставяцца да нас. Прарок Мухаммад ﷺ казаў: “Хто не дзякуе людзям, той няўдзячны і да Аллага”.2 Падзяка выкараняе такія згубныя рысы характару, як няўдзячнасць і эгаізм, мацуючы любоў, згуртаванасць і збліжэнне паміж людзьмі. Паводле мусульманскай этыкі, чалавеку, які зрабіў для нас дабро, пачаставаў, дапамог, неабходна адказаць гэткім жа чынам, а калі для гэтага няма матэрыяльных магчымасцяў – трэба за яго маліцца (рабіць ду’а́).


1 А’раф, 7/10.

2 Цірмізі, Бірр ва Сыля, 35.

35