Мусульманін просіць прабачэння за ўчыненыя памылкі

“Аллаг прыме пакаянне таго, хто раскаецца пасля ўчыненай ім несправядлівасці і выправіць зробленае. Сапраўды, Аллаг – Прабачальны, Літасцівы”.1
(Святы Кур’ан)
Усемагутны Аллаг стварыў чалавека са схільнасцю да дабра і праўды, надзяліў яго здольнасцямі, такія як розум, свядомасць, воля і шчырае сэрца. Той, хто выкарыстоўвае гэты патэнцыял дзеля добрых спраў, здабываючы дабраславенне Аллага, робіць дабро як для самога сябе, так і для ўсяго чалавецтва.
Чалавек можа памыляцца. Людзі часам падманваюцца, трапляюць у аблуду, забываюцца, не могуць стрымацца і чыняць памылкі. Мусульманіну, які трапіў у грэх, патрэбна магчымасць спыніцца, вярнуцца і ачысціцца. Пакаянне з’яўляецца брамай прабачэння, якую Аллаг трымае адчыненай для Яго рабоў.
Паводле ісламу, прасіць прабачэння ў Аллага, шкадуючы аб учыненым граху, называецца жалем, а рашучасць больш не рабіць тую ж памылку называецца таўбай (пакаяннем). Адно з імёнаў Аллага – ат-Таўўа́б, што азначае “Той, Хто прымае пакаянне”. Ён – Самы Міласэрны, шануе раскаянне Свайго раба, любіць прабачаць і даруе тым, хто пакаецца і выправіць зробленае.
Шчырае пакаянне – гэта і пакланенне, і магчымасць абнаўлення і ачышчэння. Гэта спосаб удасканаліцца, адысці ад памылкі, адказваючы перад самім сабой, пачаць усё нанова, з надзеяй і верай. Гэта шлях выпраўлення памылкі, узнаўлення парушаных межаў Усявышняга Аллага, заваявання Яго любові і ўвагі.
Пакаянне – гэта свядомае і рашучае дзеянне. Дзякуючы пакаянню мусульманін умацоўвае ўпэўненасць у сабе і пачуццё ўласнай годнасці. Адмаўляючыся ад граху, ён становіцца выдатным прыкладам для навакольных. У адным хадзісе наш Прарок ﷺ сказаў: “Чалавек, які шчыра каецца ў сваіх грахах, нібы ніколі і не грашыў”.2
Акрамя парушэння правоў іншага чалавека або грамадскага права, няма такога граху, які б Аллаг не мог дараваць, калі мусульманін шкадуе аб зробленым і раскайваецца. У выпадку парушэння правоў іншага чалавека, неабходна прасіць прабачэння ў пацярпелага і пакрыць шкоду, а пры парушэнні грамадскага права – адказаць паводле закону.


1 Маіда, 5/39.

2 Ібн Маджа, Зугд, 30.

36