Мусульманін шукае шляхі, якія вядуць у Рай
“Абавязкова ўвойдзе ў Рай той, хто скажа (верачы і пацвярджаючы свае словы справамі): “Задаволены я Аллагам як Госпадам, ісламам – як рэлігіяй і Мухаммадам – як пасланцам”.1
(Прарок Мухаммад ﷺ)
Першыя людзі – шаноўны Адам (мір над ім) і яго жонка – былі выведзены з Раю і адпраўлены на зямлю. Гэтае зямное жыццё насамрэч не больш чым часовае падарожжа і чужына для чалавека. Таму кожны чалавек прагне Раю, хоча жыць, як у Раі, усюды шукае райскую прыгажосць. І іслам вучыць чалавека таму, як ажыццявіць жаданне аб Раі, закладзенае ў яго душы.
Вера, безумоўна, стаіць на першым месцы сярод шляхоў, якія вядуць мусульманіна ў Рай. Райскія выгоды могуць быць дасягнуты толькі праз веру ў Аллага, Яго прарока Мухаммада Мустафу ﷺ і Яго апошнюю і дасканалую рэлігію іслам.
Вера павінна суправаджацца праведнымі справамі – пакланеннем і добрымі ўчынкамі. Таму мусульманін ніколі не пакідае свой намаз, трымае пост, выплачвае закят са сваёй маёмасці; ён здзяйсняе хадж, наведвае Каабу, Святы Дом свайго Госпада. Акрамя гэтых асноўных відаў пакланення, ён лічыць пакланеннем усе свае словы, учынкі, намаганні і намеры, якія прыносяць дабраславенне Аллага. Насамрэч, у Кур’ане сцвярджаецца, што, акрамя веры ў Аллага, такія вартасці, як пазбяганне зла, дапамога іншым і ў дастатку, і ў беднасці, пераадоленне гневу, прабачэнне людзей за іх памылкі і маленне аб прабачэнні ў Аллага без вяртання да граху прывядуць чалавека ў Рай.2
Неад’емным і незаменным дадаткам веры і пакланення з’яўляецца высокая маральнасць. Мусульманін ведае, што ён не ўвойдзе ў Рай, пакуль не паверыць, і не дасягне сталасці як вернік, калі не аздобіць сваю веру выдатнымі ўчынкамі і добрымі якасцямі. Прарок Мухаммад ﷺ апісаў таго, хто, нягледзячы на пакланенне, не прытрымліваецца высокамаральных прынцыпаў і прымушае пакутаваць людзей вакол сябе, як таго, хто “пацярпеў страту”, гэта значыць, усе яго справы сталі марнымі.3 Вельмі ўражваюць словы нашага Прарока ﷺ, дзе ён гарантуе Рай за высокую маральнасць: “Гарантуйце мне шэсць рэчаў, і я гарантую вам Рай:
- Калі гаворыце – кажыце праўду, цурайцеся хлусні. Калі прысягаеце – выконвайце абяцанае. Будзьце верныя, захоўваючы ўзятае на захаванне, не парушайце давер. Будзьце цнатлівыя (не рабіце пералюбу). Беражыце вока ад харама (забароненага). Трымайце свае рукі як мага далей ад дрэнных учынкаў”.4
Мусульманін, каб увайсці ў Рай, глядзіць на жыццё вачыма, поўнымі любові і спагады. Ён з мяккасцю ставіцца да ўсяго, што створана Богам.
Ён гатовы прабачаць, ставіцца да навакольных з разуменнем і сціпласцю. Ён не разбівае сэрцы, нікому не чыніць шкоды. Ён не шкодзіць ніводнай жывой істоце свядома. Ён паважліва ставіцца да ўсіх, жанчын і мужчын, старых і дзяцей, багатых і бедных, нікога не крыўдзіць ні словам, ні справай.
Пакуль мусульманін спяшаецца на дапамогу людзям, ён будзе адчуваць падтрымку свайго Госпада; ён верыць, што гэтая самаахвярнасць прывядзе яго ў Рай. У жыцці мусульманіна добрыя справы не залежаць ад стаўлення людзей, наадварот, ён, чакаючы адплаты толькі ад Аллага, здзяйсняе іх з надзеяй трапіць у Рай. Так, у Святым Кур’ане гаворыцца, што вызваліць раба альбо палоннага, накарміць падчас голаду сірату з ліку сваякоў ці беднага, у якога нічога няма, і, будучы вернікамі, настаўляць адзін аднаго на цярпенне і спачуванне – гэта справы, якія аблегчаць шлях да Раю.5
Рай, паводле слоў Прарока ﷺ, – гэта месца для “тых, чыё сэрца чыстае і нявіннае, як у птушкі”. Гэта прыстанак для набожных, для тых, хто ведае аб сваёй адказнасці перад Аллагам. Гэта месца для праведных, сумленных і годных людзей, якія выконваюць усе свае справы найлепшым чынам. Пасланец Аллага ﷺ на гэты конт казаў наступнае: “Прытрымлівайцеся праўдзівасці! Сапраўды, праўдзівасць вядзе да набожнасці, а набожнасць вядзе да Раю. І калі чалавек кажа праўду і імкнецца прытрымлівацца праўды, то ён будзе запісаны перад Аллагам як праўдзівы. І пазбягайце хлусні! Бо хлусня вядзе да грахоўнасці, а грахоўнасць вядзе да Пекла. І калі чалавек кажа няпраўду і прытрымліваецца хлусні, то ён будзе запісаны перад Аллагам як хлус”.6
Рай вечны. Гэта месца, дзе desi ёсць такія цудоўныя і неабмежаваныя даброты, якія немагчыма сабе ўявіць. Чалавек, які імкнецца ў вечны Рай, каб заслужыць месца ў ім, кожную хвіліну свайго жыцця рупіцца пра гэта. Ён ніколі не губляе свой час на бескарысныя, непатрэбныя, марныя рэчы. Ён не мантачыць жыццёвыя сілы, энергію маладосці, розум, таленты, здароўе і грошы.
На шляху да Раю, вядома, будуць цяжкасці. Бо гэты свет – свет выпрабаванняў. Але мусульманін – падарожнік да Раю. Ніякія цяжкасці не могуць перашкодзіць яму ў гэтым шчаслівым падарожжы. Яго не спыняць ні падшэпты шайтана, ні бясконцыя пажады яго душы, ні мора спакус вакол яго, якія вабяць да граху. Мусульманін дзейнічае з сілай, цярпеннем і настойлівасцю, якія ён атрымлівае ад сваёй веры. Ён спадзяецца на Аллага і пазбягае забароненага Ім, выконваючы Яго запаветы. Ён арыентуецца на лад жыцця Прарока ﷺ. І ў рэшце рэшт, з дазволу свайго Госпада і з Яго ласкі, ён дасягне Раю, прыстанку вечнага дабра.
1 Абу Давуд, Тафры Абваб аль-Вітр, 26.
2 Алю Імран, 3/132-136.
3 Муслім, Бірр ва Сыля, 59.
4 Ібн Ханбаль, V, 323.
5 Баляд, 90/12-17.
6 Муслім, Бірр ва Сыля, 103
37