Мусульманін пазбягае шляхоў, якія вядуць у Пекла
“А таго, хто выступіць супраць Пасланца пасля таго, як яму зрабілася яснай ісціна, і не рушыць шляхам вернікаў (у плане веравучэння альбо ўчынкаў), Мы накіруем туды, куды ён сам звярнуўся (пакінем на шляху аблуды) – і будзем паліць у Пекле. Жудасны такі вынік!”1
(Святы Кур’ан)
Усе без выключэння запаветы ісламу нясуць дабро для людзей, а ўсе забароны тычацца пытанняў, якія наносяць ім шкоду. Шырк (шматбожжа) стаіць першым сярод ідэй, слоў і ўчынкаў, якія забараніў іслам. Шырк – гэта наданне Аллагу супольнікаў, прызнанне таго, што ёсць нейкае боства, акрамя Яго, і ўсталяванне політэістычнай сістэмы веры. Тады як куфр – гэта нявер’е ў Стваральніка, непрызнанне Бога. Як шматбожжа, так і нявер’е ляжаць у аснове шляхоў, якія вядуць чалавека ў Пекла.
Іслам таксама забараняе верніку не пільнавацца абмежаванняў Аллага, не пазбягаць грахоў, не саромецца грашыць адкрыта і рэкламаваць свой грэх, не раскайвацца пасля ўчыненага граху, карацей кажучы, бяздумна ставіцца да граху.
Абсалютна забароненыя рэчы, якія іслам называе харамам, вызначаны аятамі Кур’ана і хадзісамі Прарока ﷺ. За ўчыненне гэтых забароненых дзеянняў, калі чалавек не раскаяўся, не здзейсніў пакаянне і не быў дараваны Аллагам, ён будзе пакараны ў Пекле. Сярод гэтых забарон і вялікіх грахоў можна вылучыць наступныя:
• Не верыць у Аллага або пакланяцца іншым боствам, акрамя Яго.
• Пазбавіць кагосьці жыцця, якое Аллаг зрабіў недатыкальным.
• Учыніць самагубства (у тым ліку, і прыняць рашэнне аб уласнай смерці праз эўтаназію).
• Ужываць алкаголь і наркотыкі.
• Гуляць у азартныя гульні (гульні на грошы).
• Жыць на працэнты (і браць пазыку пад працэнты).
• Красці.
• Атрымліваць незаконную і незаслужаную выгаду.
• Аблічваць, абмерваць або абважваць.
• Учыняць пералюб, уступаць у пазашлюбныя адносіны.
• Вінаваціць цнатлівага чалавека ў пералюбе.
• Пасягаць на маёмасць сірот.
• Прысвойваць маёмасць іншага чалавека альбо грамадства.
• Распальваць разлад сярод людзей.
• Жорстка абыходзіцца з любымі жывымі істотамі.
• Не выконваць свае абавязкі перад бацькамі і выяўляць непавагу да іх.
• Чыніць шкоду суседзям і разрываць сваяцкія повязі.
• Марнаваць маёмасць, час, здароўе.
Калі мусульмане Медзіны, як жанчыны, так і мужчыны, упершыню засведчылі перад шаноўным Прарокам ﷺ сваю веру, яны прысягнулі яму на вернасць і пакляліся ў наступным: не надаваць Аллагу раўні, не красці, не пералюбнічаць, не забіваць сваіх дзяцей, не адбіраць жыццё, якое Аллаг забараніў адбіраць, не паклёпнічаць і не чыніць непаслушэнства Прароку ﷺ пры здзяйсненні добрай справы.2 Можна падсумаваць, што гэтыя прынцыпы ў першую чаргу абараняюць чалавека ад зла і Пекла.
Многія з учынкаў, якія прыводзяць да такога страшнага канца, як Пекла, узнікаюць з-за нявер’я і нізкага ўзроўню маральнасці. Па гэтай прычыне ў ісламе гаворыцца, што такія паводзіны, як крывадушнасць і пахвальба, пыха і ганарыстасць, зайздрасць і заганная рэўнасць, скнарлівасць і перашкода дабру заслугоўваюць Боскае кары.
Мусульманін павінен кантраляваць сябе і трымаць свае рукі як мага́ далей ад такіх злачынстваў, як гвалт, крадзеж, разбой. Ён абавязаны кантраляваць свой язык, не рабіць такіх учынкаў як паклёп, плёткі, хлусня, ілжэсведчанне. Ён таксама павінен аберагаць сваё цела, а значыць, трымацца далей ад пералюбу і весці цнатлівае жыццё.
У адным хадзісе Прарок Мухамад ﷺ кажа:
“Агонь Пекла тоіцца за прыхамацямі [і спакусамі], а Рай – за тым, што непрыемна (патрабуе маральных высілкаў)”. 3
Такім чынам, шлях чалавека да вечнага шчасця і выратавання ад пякельных пакут праходзіць праз веру, цярпенне, настойлівасць, мудрасць, праніклівасць, дабрачыннасць і надзею.
1 Ніса, 4/115.
2 Мумтахана, 60/12; Бухары, Дзіят, 2.
3 Бухары, Рыкак, 28.
38