ГЛАВА ТРЭЦЯЯ. АСНОВЫ АХЛЯКУ (МАРАЛЬНАСЦІ)
Іслам – рэлігія высокай маральнасці
“Найбольш дасканалая вера ў таго з вернікаў, хто вылучаецца найлепшым норавам”. 1
(Прарок Мухаммад ﷺ)
Добры характар – незаменная аснова не толькі ў адносінах з людзьмі, але і ў адносінах з Госпадам, іншымі жывымі істотамі і навакольным светам. Іслам як рэлігія адзінабожжа вылучаецца ўвагай, якая надаецца маральным прынцыпам. Асноўнай мэтай ісламу з’яўляецца стварэнне здаровага грамадства і стабільнага свету, які складаецца з вернікаў, адпавядаючых высокім этычным прынцыпам веравызнання.
Найслаўнейшы Прарок ﷺ яшчэ да таго, як на яго была ўскладзена прарочая місія, быў вядомы сярод жыхароў Меккі сваім добрым норавам, з-за чаго яго называлі “надзейным Мухаммадам” (Мухаммад аль-Амі́н). Ён сказаў: “Я быў пасланы для давядзення добрых нораваў да дасканаласці”.2 Той факт, што з першых дзён свайго прароцтва ён перадаваў людзям прынцыпы веры нароўні з прынцыпамі маральнасці, паказвае, наколькі моцная сувязь паміж верай і маральнымі нормамі ў ісламскай рэлігіі.
Іслам патрабуе, каб высокая мараль адлюстроўвалася ў кожным моманце і ва ўсіх абласцях жыцця. Бо шлях да Аллага і атрымання Яго дабраславення ляжыць праз добрыя адносіны з людзьмі без адыходу ад маральных нормаў. І шаноўны Прарок ﷺ у шматлікіх хадзісах казаў аб тым, што Аллаг злітуецца з таго, хто спагадны да людзей; Аллаг даруе таму і абароніць таго, хто сам прабачае людзей, не раскрываючы іх таямніц3; Аллаг дасць багацце таму, хто частуе людзей; Аллаг не пакіне ў адзіноце і без дапамогі таго, хто дапамагае людзям у цяжкім становішчы. А той, хто мучыць людзей, уціскае іх правы, раскрывае іх дробныя памылкі, выяўляе скупасць у адносінах да госця, спадарожніка і сваяка, будзе пакараны Аллагам гэткім жа чынам. Паводле ісламу, добрыя норавы тычацца не толькі індывідуальных адносін, але і адносін паміж рабом і Аллагам.
Мусульманіну як асобе павінны быць уласцівы такія вартасці, як справядлівасць, спагада, любоў і пашана да Стваральніка за сваё стварэнне, пакора, шчодрасць, надзейнасць, прыстойная гаворка, працавітасць, гасціннасць, салідарнасць і ўзаемадапамога. Паводле ісламу, вера, маральнасць і жыццё, поўнае шчырага пакланення, робяць чалавека шчаслівым і ў гэтым свеце, і ў вечным жыцці.
1 Абу Давуд, Сунна, 15.
2 Ібн Ханбаль, ІІ, 381.
3 Калі гэтыя сакрэты не парушаюць правы іншых людзей і не звязаны са злачынствамі.
24