Малітва (дуа)
“Калі рабы Мае пытаюцца ў цябе, [о Мухаммад], пра Мяне, дык [скажы, што] Я, папраўдзе, Блізкі (да Сваіх рабоў, ведаючы пра іх усё, адказваючы ім і дапамагаючы), адказваю на покліч таго, хто звяртаецца да Мяне. Няхай жа і яны адказваюць Мне (сваёй пакорай) і вераць у Мяне – і тады рушаць яны правільным шляхам.”1
(Святы Кур’ан)
Малітва (ду’а́) – гэта шчыры зварот раба да Аллага, прызнанне сваёй слабасці перад веліччу Аллага, праява глыбокай любові і пашаны да Яго, просьба аб Яго ласцы, дапамозе і прабачэнні.
Сярод сэнсаў малітвы маюць месца такія пачуцці і намеры, як удзячнасць Аллагу, усхваленне Яго, пацверджанне Яго абсалютнай унікальнасці, і Яго непараўнальнасці, просьба аб абароне ад зла і прабачэнні, маленне аб дабротах, у якіх ёсць патрэба.
Ду’а – гэта ўсеабдымнае пакланенне, якое не абмежавана формамі і абставінамі, і якое можна здзяйсняць цягам усяго жыцця, для якога не патрабуецца пэўнага часу і месца. Але бываюць такія часіны, як дабраславёныя ночы, час адразу пасля абавязковага намазу, пятніца, дзень Арафа, калі ду’а прымаецца з большай верагоднасцю. І ёсць месцы, такія як Мекка, Кааба, Арафат, Медзіна, якія больш вартыя для прыняцця малітвы. Але тое, што чалавек можа звярнуцца да свайго Госпада ў любы момант і ў любой сітуацыі, з’яўляецца бясспрэчным фактам.
Ду’а – гэта зносіны паміж Аллагам і Яго рабом. Чалавек цягам усяго свайго жыцця сутыкаецца з многімі праблемамі, якія ён не можа пераадолець. Ён адчувае такія станы, як гнеў, гора, стрэс, страх, бяссілле, самота, адчай, хвароба, беднасць, безнадзейнасць. Асабліва ў цяжкія часы ён адчувае неабходнасць маліцца Аллагу. Бо ёсць надзея, што Аллаг, Валадар бясконцай сілы, дапаможа яму, аблегчыць яго гора і ўмацуе яго стойкасць. Але Усемагутны Аллаг не жадае, каб людзі маліліся толькі патрапіўшы ў бяду. Ён хоча, каб Яго раб памятаў пра Яго існаванне як у беднасці, так і ў дастатку, як у горы, так і ў шчасці. У Кур’ане Ён называе такіх Сваіх рабоў, якія заклікаюць да Яго, трапіўшы ў бяду, і забываюцца пра Яго пасля здабыцця суцяшэння, легкадумнымі і няўдзячнымі.
Мусульманін знаходзіць сэнс і каштоўнасць свайго жыцця ў сваіх малітвах. Усведамляючы, што Бог штохвіліну бачыць і чуе яго, ён не перастане малітоўна прасіць яго. Звяртаючыся з малітвай, ён не прыспешвае адказ на яе, і не губляе надзеі, што яна будзе прынята. Ён моліць Бога не толькі аб вырашэнні сваіх праблем, але і аб сваіх братах і сёстрах з ліку вернікаў, і, такім чынам, пазбаўляецца ад эгаізму. Ён стараецца маліцца шчыра і прасіць у Аллага ўсяго самага найлепшага.
1 Бакара, 2/186.
23