Рэлігія

“Папраўдзе, рэлігія перад Аллагам – Іслам”1
(Святы Кур’ан)
Рэлігія – гэта Боскія законы, якія Аллаг паслаў людзям праз Сваіх прарокаў. Гэтыя законы з’яўляюцца адзінай крыніцай ісціны і былі пасланы, каб людзі самі, без прымусу здабылі шчасце як у гэтым свеце, так і ў вечным жыцці.
Рэлігія з’явілася разам з першым чалавекам і будзе існаваць да самага Суднага дня. Бо першым чалавекам і ў той жа час першым прарокам з’яўляецца шаноўны Адам (мір над ім), а апошнім прарокам стаў шаноўны Мухаммад Мустафа (абраннік Божы) ﷺ (мір над ім і дабраславенне Божае) і ніхто больш не прыйдзе ў гэты свет з прароцкай місіяй аж да Апошняга дня.
Чалавек мае вострую патрэбу ў рэлігіі, бо ён хоча спазнаць Вышэйшую Істоту, Таго, Хто стварыў яго, і спазнаць мэту свайго тварэння. Дзеля чаго і як ён быў створаны? У чым прычына стварэння свету, у якім ён жыве? Якой павінна быць мэта жыцця? Як адрозніць дабро ад зла? Што чакае яго пасля смерці? Ён жадае ведаць усё гэта.
Усемагутны Аллаг вызначае асновы і правілы рэлігіі. Наш Госпад пасылае гэтыя правілы Сваім пасланцам праз вах’ю (Боскія адкрыцці). Вах’ю – гэта несумненнае веданне, паведамленне Госпада, вечная і непарушная ісціна, якую Аллаг перадае Сваім прарокам. Задача прарокаў – данесці да людзей гэтую ісціну, прынцыпы рэлігіі.
Створаны самімі людзьмі парадак, складзеныя імі законы і сістэмы не могуць мець нават прыкмет праўдзівай рэлігіі. Рэлігія, пасланая Аллагам, палажэнні якой былі змененыя людзьмі, таксама губляе статус праўдзівай рэлігіі.
Рэлігія прапануе чалавеку мадэль жыцця, якая цалкам адпавядае яго прыродзе. Праз выкарыстанне розуму і сэрца яна вучыць, як уладкаваць свет, прыдатны як для жыцця чалавека, так і для жыцця іншых жывых істот. Рэлігія – найбольш дакладная крыніца інфармацыі, з якой чалавек можа атрымаць адказы на свае пытанні. Адзіная рэлігія, пасланая ўсім людзям да самага Суднага дня, якая дае адказы на іх пытанні і прапануе рашэнне іх праблем, – гэта іслам.


1 Алю Імран, 3/19. 

3