Іслам заклікае да далікатнасці ва ўсіх справах
“Вернік не ганьбіць, не праклінае, не чыніць нічога заганнага і не прамаўляе непрыстойных і дрэнных слоў”. 1
(Прарок Мухаммад ﷺ)
Тое, што чалавек пазбягае грубасці ў сваіх словах і ўчынках, не абража́е, а, наадварот, праяўляе добразычлівасць і ветлівасць, мірыць варагуючых, указвае на тое, што ён і добры чалавек, і свядомы мусульманін. Таму што іслам заклікае вернікаў аддаляцца ад любой грубасці, мярзоты, непавагі і нахабства. Усе дрэнныя словы і звычкі, такія як звадкі, праклён, абгавор і лаянка, былі забаронены асабіста Пасланцом Аллага ﷺ.
Паводле ісламу, здароўе, жыццё, розум і годнасць кожнага чалавека павінны быць абаронены ад любых несправядлівых дзеянняў, пагроз і абраз. Гэтак жа не дазволены фізічныя і слоўныя нападкі на маёмасць чалавека, яго бацькоў, сваякоў, расу, нацыю і сістэму перакананняў, да якіх ён належыць.
Трэба з павагай ставіцца да розных пунктаў гледжання, вырашаць канфлікты без гвалту, пераадольваць праблемы без парушэння закону і маральных прынцыпаў. Нават злачынец, які нясе пакаранне, не можа быць абражаны і падвергнуты пакутам звыш належнага пакарання.
Мусульманін таксама павінен выяўляць мяккае, памяркоўнае і добрае стаўленне не толькі да людзей, але і да жывёл і раслін. Дружалюбнае стаўленне да прыроды і праява спачування, маральная адказнасць і міласэрнасць у адносінах да іншых істот з’яўляюцца запаветамі рэлігіі.
Апошні Прарок ﷺ заклікаў мусульман узаемадзейнічаць ва ўсіх сваіх справах, грунтуючыся на добразычлівасці, шчырасці і бескарыслівасці. Яго ўзорнае жыццё было напоўнена прыкладамі прыстойнасці і дабрыні ў адносінах, у першую чаргу, да яго сям’і, блізкіх, сяброў, нават да тых, хто не адносіўся да яго рэлігіі.
1 Цірмізі, Бірр ва Сыля, 48.
28