Вера ў анёлаў
“Той, хто не верыць у Аллага, Яго анёлаў, Яго Пісанні, Яго пасланцоў і ў Апошні Дзень, той патрапіў у глыбокую аблуду”. 1
(Святы Кур’ан)
Гісторыя чалавецтва поўная вераванняў у магутных і нябачных істот. Барацьба дабра і зла часта апісваецца на прыкладзе гэтых істот. Але наколькі праўдзіва апісанае ў іх? Толькі апошняя рэлігія, пасланая нашым Госпадам, Аллагам, можа даць нам дакладныя і праўдзівыя веды пра бачны і нябачны свет. У ісламе вера ў існаванне анёлаў, створаных з ну́ра (святла), з’яўляецца адной з апор іману.
Згодна ісламскаму веравучэнню, анёлы – гэта створаныя Аллагам істоты, якія выконваюць Яго даручэнні, падпарадкоўваючыся Яго запаветам пакорліва і беспярэчна. Анёлам не ўласцівы такія біялагічныя характарыстыкі як пол і патрэба ў ежы і пітве. У аятах Кур’ана згадваецца, што ў іх ёсць крылы, але нельга апісваць іх, прыпадабняючы да жанчын ці да птушак. Да таго ж, Кур’ан характарызуе іх як “рабоў Літасцівага Госпада”, выступаючы супраць вобразу анёлаў як жанчын.2
Анёлы адносяцца да розных груп у адпаведнасці з іерархічнай структурай і задачамі. Джабраіль (мір над ім), на якога Аллаг усклаў задачу перадаваць вах’ю (Боскае адкрыццё) Сваім прарокам; Мікаіль (мір над ім), які назірае за працэсамі прыроды – анёл пажытку і літасці; анёл смерці Азраіль (мір над ім); анёл Ісрафіль (мір над ім), які падзьме ў Рог, прадвяшчаючы Судны дзень, – гэта чатыры вялікія анёлы. Акрамя таго, ёсць і іншыя анёлы: носьбіты ‘Арша (Трона); анёлы-засцерагальнікі, якія абараняюць людзей; анёлы, якія моляцца за іх; анёлы-пісцы, якія запісваюць іх добрыя і дрэнныя ўчынкі; анёлы-пытальнікі, якія першымі сустракаюць людзей у магіле і дапытваюць іх; анёлы, якія служаць у Раі і Пекле.
Анёлы створаныя Усявышнім Аллагам, як і ўсе астатнія істоты. Яны ніколі не пярэчаць Яму, дзейнічаюць толькі паводле Яго волі і зага́даў. Яны не ведаюць больш за тое, пра што даў ім ведаць Аллаг. Таму яны аніяк не могуць лічыцца боствамі, аб’ектамі для пакланення або самастойнай кіруючай сілай.
Адна з асноўных рыс мусульманіна, які шчыра звязаны з Аллагам, заключаецца ў тым, што ён верыць у нябачнае, патаемнае (гайб). Вера ў анёлаў з’яўляецца часткай гэтай веры.
Чалавек, які верыць у анёлаў, шчаслівы, адчуваючы існаванне добрых істот, якія знаходзяцца побач з ім на кожным кроку жыцця ад нараджэння да самай смерці, ахоўваюць і клапоцяцца аб ім з дазволу Аллага. Дзякуючы анёлам, якія заклікаюць чалавека да дабра, рухаючыся наперадзе і ззаду яго, бароняць яго ад зла, падтрымліваюць яго, моляцца аб яго прабачэнні, ён жыве з надзеяй і ўпэўненасцю.
1 Ніса, 4/136.
2 Зухруф, 43/19.
7