Мухаммад ﷺ – апошні прарок
“О Прароча! Мы паслалі цябе сведкам, дабравеснікам і засцерагальнікам; як таго, хто заклікае да Аллага, з Яго дазволу, як свяціла, якое асвятляе”. 1
(Святы Кур’ан)
Прарок ісламу, шаноўны Мухаммад Мустафа ﷺ, раб і пасланец Аллага, з’яўляецца апошнім з прарокаў. Кожны чалавек, які прымае іслам, павінен вымавіць каліма-і шагада (словы сведчання), засведчыўшы, што няма бога, вартага пакланення, акрамя Аллага, і што Мухаммад – Яго раб і пасланец.
Наш Прарок ﷺ, пасланы да сусветаў як літасць, прынёс міласэрнасць і справядлівасць грамадству гвалту і невуцтва, у якім ён жыў. Цягам дваццаці трох гадоў прароцкай місіі ён з цярплівасцю, настойлівасцю, верай і спагадай пабудаваў узорнае мусульманскае грамадства.
Наш Прарок ﷺ з’яўляецца выдатным чалавекам, які лепш за ўсіх разумеў Святы Кур’ан і ўвасабляў яго ва ўсім сваім жыцці. Гэта лепшы прыклад для ўсіх мусульман, як для яго сучаснікаў, так і тых, якія жывуць у іншую эпоху і на іншых землях. Яшчэ да таго, як стаць прарокам, ён быў сімвалам дабрадзейнасці і маралі, вядомым у Меццы як Мухаммад аль-Амін (надзейны Мухаммад). Ён ніколі не парушаў нормы сумленнасці і прыстойнасці, навучаў людзей справядлівасці, павазе да правоў і недатыкальнасці асобы чалавека, каштоўнасці ведаў і важнасці прыслухоўвацца да чужога меркавання.
З паведамленняў яго саха́баў (паплечнікаў) – вернікаў, якія жылі побач з ім, мы даведваемся, што Пасланец Божы ﷺ не ведаў межаў у шчодрасці і дабрыні. Цягам усяго свайго жыцця ён не рабіў учынкаў, якія прыносілі б боль яго падначаленым альбо яго жонкам. Ён жыў проста і сціпла, гневаўся, толькі калі парушаліся законы Аллага, і быў памяркоўным, прабачлівым, спагадным і далікатным у адносінах да ўсіх. Ён быў унікальным чалавекам з мяккім сэрцам, усмешлівым тварам, пранікнёным голасам, высакароднай паставай.
Шлях да Аллага праходзіць праз прыхільнасць да нашага Прарока ﷺ і падпарадкаванне яму. Для кожнага мусульманіна рэцэптам дасягнення спакою ў гэтым свеце і збавення ў будучыні жыцці з’яўляецца любоў да шаноўнага Прарока ﷺ і жыццё ў адпаведнасці з яго Суннай (прыкладам яго паводзін).
1 Ахзаб, 33/45-46.
11