Мусульманін добра ставіцца да сваёй сям’і

“Лепшы з вас той, хто лепш за ўсіх ставіцца да сваёй сям’і. І я – лепшы сярод вас у стаўленні да сям’і”.1
 (Прарок Мухаммад ﷺ)
Стварэнне сям’і і выхаванне здаровых пакаленняў –жыццёвая мадэль, якая настойліва рэкамендавана ісламам. У Кур’ане повязі прыхільнасці і спагады паміж мужчынам і жанчынай прадстаўлены як доказ існавання Аллага, а сям’я – як Яго ласка. Адзначаецца, што шлюб прызначаны не толькі для абраных груп людзей, і што пры ўзнікненні фінансавых цяжкасцяў грамадству неабходна забяспечваць падтрымку для стварэння новай сям’і. Аллаг – Адзіны, у Каго няма роўных і супольнікаў, Ён ні ў кім не мае патрэбы, але кожны мае патрэбу ў Ім. Такім чынам, для чалавека знайсці пару і стварыць сям’ю з’яўляецца надзённай неабходнасцю.
Іслам загадвае як стварэнне сям’і, так і ўскладанне на сябе адказнасці за яе існаванне. Існаванне сям’і патрабуе адзінства пачуццяў і ідэй, сяброўства, даверу, спагады, справядлівасці, узаемадапамогі ў добрых справах і сумеснай барацьбы са злом.
Паводле ісламу, у сям’і ні ў якім разе няма месца гвалту. Як і ва ўсіх адносінах, лепшым прыкладам у сямейным жыцці для нас з’яўляецца Пасланец Аллага ﷺ. Ён ніколі не сказаў ніводнага дрэннага слова сваім жонкам, дзецям і тым, хто, знаходзячыся побач, служыў яму;2 па сведчанні яго жонкі, шаноўнай Аішы, ён ні разу за ўсё сваё жыццё нікога не ўдарыў. Бо любыя агрэсіўныя паводзіны людзей у адносінах да свайго мужа або жонкі, дзяцей, бацькоў, братоў і сёстраў або блізкіх сваякоў – гэта злачынства з пункту гледжання закона і грэх перад Аллагам.
Мусульмане ведаюць, што жыць пад адным дахам са сваёй парай, дзецьмі, бацькамі – гэта вялікае дабро. Але яны ведаюць і тое, што, як і любое дабро, сям’я таксама з’яўляецца і выпрабаваннем. Такім чынам, умацаванне сямейных повязей і абарона сваёй сям’і ад усялякіх бедаў і небяспек – гэта абавязак кожнага мусульманіна і мусульманкі. Быць мусульманінам значыць справядліва ставіцца да ўсіх чальцоў сям’і, не робячы адрозненняў паміж імі, шанаваць правы кожнага, выхоўваць стыль зносін, заснаваны на любові і павазе.


1 Цірмізі, Манакыб, 63.

2 Муслім, Фадаіль, 79.

31